Дзяржава ўзмацняе наступ на кнігі, выдавецтвы і ўсіх, хто не ўпісваецца ў ідэалагічную матрыцу рэжыму. Адным з галоўных арганізатараў гэтага наступу эксперты называюць намесніка міністра інфармацыі Дзяніса Язерскага — адказнага за выдавецкую сферу і “зачыстку” кнігарняў. Менавіта пры ім колькасць забарон, прызнанняў кніг “экстрэмісцкімі” і блакаванняў пляцовак рэзка павялічылася.

Язерскі ідзе на падвышэнне. На пасаду свайго намесніка яго прыняў цяперашні міністр інфармацыі Марат Маркаў
На днях заблакавалі кнігарню kirma.sh — пракурор Магілёўскай вобласці спаслаўся на “экстрэмісцкія матэрыялы”, сярод якіх “Айчына” Уладзіміра Арлова і “Горкія гады: Трагедыя Заходняй Беларусі 1944-1954″ Аляксандра Татаранкі. Прэтэнзіі ўзніклі нават да кнігі “Патаемная спадчына. Казкi пра беларускiх жанчын”, якая не прызнаная экстрэмісцкай, але выданая ініцыятывай ByProsvet, занесенай у спісы.
Нядаўна Язерскі абвясціў чарговыя лічбы: у спіс літаратуры, “здольнай нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам Беларусі”, унесена ўжо 173 кнігі. Паводле яго слоў, “99% з іх — гэта кнігі, якія папулярызуюць ЛГБТ-павестку, нетрадыцыйныя сексуальныя адносіны, змену полу, жорсткасць і гэтак далей”. Асаблівую ўвагу ён надаў таму, што гэта найчасцей “раскручаныя еўрапейскія, карэйскія, амерыканскія аўтары”. Далей Язерскі агучыў рэальную ідэалагічную матывацыю гэтай палітыкі, фактычна прызнаўшы, што цэнзура — інструмент кантролю над моладдзю і абмежавання культурнага поля: “Мы павінны абмяжоўваць, у тым ліку з дапамогай забаронаў, сваё грамадства і моладзь ад дрэннага ўплыву, нацэленага на тое, каб мы як мага хутчэй зніклі і вызвалілі месца тым, хто гэтага жадае”, — заявіў ён.
Пад ціск трапляюць не толькі замежныя аўтары, але і беларуская літаратура. На гэтым тыдні суд Мінска прызнаў “экстрэмісцкімі” дзве кнігі Сашы Філіпенкі — “Слон” і “Чырвоны крыж”. Раней яны ўжо былі забароненыя да распаўсюду.
Дэталёвы аналіз таго, як Язерскі за некалькі гадоў прайшоў шлях ад раённага ідэолага да галоўнага цэнзара краіны — у артыкуле “Штодня” Who is mr Язерскі? Гісторыя ўзыходзячай зоркі айчыннай ідэалогіі.