На Каляды, 25 снежня, у раённым цэнтры Ветка пад Гомелем адкрылася незвычайная кавярня “Арт-Ветка”. Паводле задумы стваральнікаў, установа спалучае ў сабе смачныя традыцыйныя стравы ды розныя майстар-класы па выпечцы традыцыйнага веткаўскага печыва. А сагрэцца ўзімку можна з дапамогай духмянай зёлкавай гарбаты з самавара ды незвычайнай кавы.

Якія мясціны мы звычайна прыгадваем калі размова йдзе пра пернікі? Вядома ж, больш вядомыя ў гэтым плане расійскія гарады Тулу або Цвер. Але ў нас у Беларусі ёсць свая ўнікальная традыцыя гатавання пернікаў якая існавала ў Ветцы. Яшчэ ў XVII стагоддзі сюды пераехалі сем’і старавераў-перасяленцаў, што беглі ад рэлігійнага пераследу з Маскоўскай дзяржавы сюды, у Рэч Паспалітую. Прынеслі яны з сабой і свае традыцыі выпечкі пернікаў. Дзясяткі гадоў чуткі пра тыя аўтэнтычныя тутэйшыя пернікі сустракаліся ў Ветцы, але адшукаць іх сляды не ўдавалася.

Але намаганнямі стваральнікаў новай арт-кавярні ў выніку ўдалося выявіць калекцыю 1907 года, якая захоўваецца ў Санкт-Пецярбургу і была першапачаткова прывезена туды менавіта з Веткі. Копіі з тых дошак цяпер можна ўбачыць у кавярні і выпечы з іх дапамогаю тыя самыя ласункі самастойна.
Менавіта ў гэтым палягае галоўная ідэя новай установы: кожны наведнік здолее паўдзельнічаць у стварэнні смачных пернікаў і потым паласавацца імі за смачнай гарбатай з чабрацом, мятай, грушай, ліпай ды інш. Аматары кавы будуць прыемна здзіўлены мясцовай “кавай з духамі” — фірмовым напоем установы, слава аб якой ужо выходзіць далёка за межы раённага цэнтра.
Пернік за грошык
Веткаўскі музей, што месціцца побач з кавярняй, як вядома, размешчаны ў доме купца Цімафея Грошыкава. Ёсць у калекцыі новай арт-кавярні і дошка для выпечкі пернікаў з сугучнай прозвішчу знакамітага купца назвай, прывезеная з экспедыцыі ў Клімава. Гэтыя пернікі мелі назву “грошык” або “разгонны” за маленькі памер, бо каштавалі такія смачнёнікі сімвалічную драбязу.
Веткаўскія стараверы, у адрозненне ад беларусаў, нават на вяселле пяклі не караваі, а пернікі. “Арт-Ветка” прапануе гасцям стварыць не толькі копіі такіх імбірнікаў, але і сімвалы Новага году — конікаў. У калекцыю можна будзе дадаць і ільвоў, што нагадваюць творы беларускай мастачкі Алены Кіш, а таксама шчупакоў ды нават палескіх козачак.
У кавярню нібы ў музей
Кавярня мае выкшталцоны і вельмі каларытны інтэр’ер які нагадвае міні-музей з прыгожым гліняным посудам, посцілкамі, старым ложкам, люстэркам у раме з разьбянымі ліштвамі. На сценах можна ўбачыць фота дзяўчат у неглюбскіх строях і асабістую калекцыю народных ікон ХІХ стагоддзя. І гэта яшчэ далёка не ўсё, чым напоўнена прастора і што ўваходзіць у планы стваральніка.

Уладальнік прасторы — Пятро Цалка — вядомы этнограф, даследчык фальклору, барыста, экскурсавод, творчая асоба і проста аматар народнай культуры добра знаёмы гомельцам і веткаўчанам. У свой час ён быў дырэктарам філіяла Веткаўскага музея ў Гомлі і дырэктарам самога музея. Таксама быў актыўным сябрам гомельскай краязнаўчай арганізацыі “Талака”. Пятро вядомы як апантаны аматар традыцыяў Гомельшчыны які ўмее зрабіць усё цікавым, утульным і смачным.
“Арт-Ветка” ужо цяпер да дробязяў дыхае культурным кодам веткаўцаў і беларускай спадчынай. Гэта — сапраўдная перліна мясцовага беларускага турызму.
Расклад майстар-класаў будзе даступны неўзабаве. Адсочваць абвесткі можна на інстаграм-старонцы “Арт-Ветка”.
Адрас: г. Ветка, Красная плошча, 1/1, побач з будынкам Веткаўскага музея.
Ілюстрацыі: з анлайн-крыніц



