Выратаванае з капкана рысянё плануюць аддаць у заапарк Акцябрскага, умовы там “жахлівыя”

Звера дасталі з капкана для куніцы ў Бабруйскім раёне. У пастцы рысь фактычна павісла ў паветры і калі спрабавала выбрацца, то моцна траўмавалася. Падчас вызвалення зверу зрабілі ўкол снатворнага, пасля даставілі ў ветклініку для аперацыі. У рысяняці зламаная лапа.

Плануецца, што пасля таго, як рысь адужае, яе адправяць жыць у заапарк Акцябрскага ў Гомельскай вобласці.

Ветэрынар Рыгор Бялягаў “Анлайнеру” патлумачыў рашэнне тым, што на сёння жывёла жыць у дзікай прыродзе не зможа: быў пералом і парваныя звязкі, з такой траўмай цяжка паляваць. Але нейкая надзея ёсць, ён прапаную пасачыць за рэабілітацыяй рысі.

А вось мясцовы чыноўнік Анатоль Грыб у каментары бабруйскай раёнцы адразу адкінуў версію пра вяртанне ў прыроду. Бо, лічыць ён, звер звыкнецца да новых умоваў, і такі крок будзе небяспечным і для рысі, і для людзей. Улічваючы, што цяпер на рысь у Беларусі палююць, магчыма, жыццё ў заапарку выратуе ёй жыццё.

Але ўмовы ў Акцябрскім не найлепшыя. Па фота бачна, што клеткі (вальерамі іх назваць цяжка) даволі цесныя. Водгукі наведвальнікаў таксама не заўсёды пазітыўныя: “Вельмі брудна, у звяроў не прыбіраюць. Смурод стаіць невыносны. У вальерах бруд і экскрэменты жывёлаў. У андатр няма доступу да вады, а гэта вадаплаўны звер. Мядзведзя і валкоў шкада больш за ўсё: сядзяць у клетках як у турме”.

«Жахліва. Усё старое, клеткі малыя, у малпы няма вады, і ў +35 яна грызе пластыкавую цацку і есць яе. І гэта ўжо прыбраны заапарк да дня горада. Смярдзіць», – дадае Е.С.

Вось так і атрымліваецца, што выратаваць рысь выратавалі, але радавацца за яе будучыню прычынаў няма.

Штодзень

 

Слайдар пастоў