Ва ўмовах вайны і штодзённых абстрэлаў нават у святы ў суседнім з Гомелем украінскім абласным цэнтры Чарнігаве жыхары самастойна ўсталявалі святочную калядную ялінку.
Аўтар відэа: Олександр Нестерець
Афіцыйна горад ужо трэці год запар адмаўляецца ад вялікай ялінкі праз «ваенны стан у краіне і працяг баявых дзеянняў на фронце», таксама адмовіліся па гэтай прычыне ад святочных гулянняў. Гарадскія ўлады замест яе ў скверы ўстанавілі батлейку.
Самаробная ялінка ад жыхароў не такая высокая і пышная, як у беларускіх гарадах, але кранальная і бачна, што ад сэрца створаная рукамі людзей, якія хацелі ўпрыгожыць родны горад. На верхавінцы дрэва замацаваны ўкраінскі трызуб, а гірлянды гараць дзякуючы акумулятарам. Побач з ёй стаяць зусім маленькія ялінкі з дзіцячымі цацкамі.
Расія практычна кожны дзень наносіць удары па Украіне, па энергасістэме краіны і мірных жыхарах. У шмат якіх рэгіёнаў, у тым ліку ў Чарнігаўскай вобласці, уведзены графік адключэння электрычнасці.