Пашпарт — толькі з дазволу ваенкамата. У Беларусі ўзмацняюць кантроль над маладымі мужчынамі

З 11 лютага 2026 года ў Беларусі пачнуць дзейнічаць новыя абмежаванні для мужчын прызыўнога ўзросту. Атрымаць, абмяняць або аднавіць пашпарт, ID-карту, а таксама вадзіцельскае пасведчанне цяпер будзе немагчыма без даведкі з ваенкамата або органаў дзяржаўнай бяспекі. Адпаведныя змены замацаваныя ва ўказе так званага прэзідэнта № 5 ад 9 студзеня 2026 года.

Фота: Гарадзенская праваабарона

Карэктывы ўнесеныя ва Ўказ № 200 “Аб адміністрацыйных працэдурах” і датычацца мужчын ва ўзросце ад 18 да 27 гадоў. Абавязковую даведку аб стаўленні да воінскага абавязку трэба будзе падаваць у выпадках:

– атрымання, абмену ці аднаўлення пашпартоў усіх відаў і ID-карт;

– выдачы або замены вадзіцельскіх пасведчанняў, у тым ліку пасля пазбаўлення правоў;

– афармлення і падаўжэння дазволаў на набыццё, захоўванне і нашэнне зброі.

Даведка афармляецца бясплатна, выдаецца цягам аднаго працоўнага дня і дзейнічае шэсць месяцаў.

Што стаіць за гэтымі зменамі

Фармальна гаворка ідзе пра “ўдакладненне працэдур”, але па сутнасці дзяржава робіць чарговы крок да татальнага кантролю над асабістым жыццём грамадзян. Базавыя правы — на дакументы, перамяшчэнне, працу — ўсё мацней прывязваюцца да лаяльнасці перад сілавымі структурамі.

Асобна варта адзначыць, што новыя правілы выглядаюць як элемент палітыкі супраць міграцыі. Без пашпарта ці вадзіцельскіх правоў складана не толькі з’ехаць з краіны, але і нармальна жыць унутры яе. Такім чынам, моладзь фактычна ставяць перад выбарам без выбару: або заставацца пад пастаянным наглядам, або апынуцца ў прававым тупіку.

Штодзень

Слайдар пастоў