Палац Горватаў у Нароўлі будзе адбудоўвацца

by ZB

Добрую навіну пра магчымасць далейшай адбудовы сядзібы арыстакратычнага роду Горватаў у Нароўлі апублікаваў гомельскі грамадскі дзеяч, выдавец Пятро Кузняцоў. У сваім тэлеграм-канале ён паведаміў, што чакае атрымання на рукі папяровай версіі дакумента, хоць электронная прыйшла ўжо праз Вайбер.

“Гэта было няпроста, вельмі няпроста. Не валодаю дакладнымі лічбамі, але есць уражанне, што пераважная большасць падобных пачынанняў, дзе за справу бяруцца энтузіясты (…), канчаюцца менавіта на этапе праектавання. Мы ж гэта зрабілі і пойдзем далей”, – паведамляе Пятро Кузняцоў.

Ініцыятар рэстаўрацыі інфармуе, што да этапу адбудовы даху над гістарычным помнікам будаўнікі гатовыя. Паводле Пятра Кузняцова, засталіся толькі тэхнічныя пытанні, вырашэнне якіх дазволіць выйсці на наступны ўзровень рэстаўрацыйных работ.

Як паведамляў “Штодзень” раней, будынак быў цалкам расчышчаны. Таксама ўладальнікі палаца набылі поўны аб’ём неабходных матэрыялаў для страхарскіх работ, зрабілі шмат экспертыз і ўзгадненняў, умацавалі ўсе ўразлівыя месцы ў сценах, накрылі амаль увесь палац перакрыццямі.

Даведка
. У 2020 годзе Пятро Кузняцоў разам з Аляксандрам Баранавым і пісьменнікам Андрусём Горватам (аўтарам кніг “Радзіва “Прудок” і “Прэм’ера”) набылі закінуты палац Горватаў у Нароўлі.

Нараўлянскі палац быў пабудаваны ў 1850 годзе для сям’і арыстакрата Даніэля Горвата. Будынак знаходзіцца на правым беразе ракі Прыпяць.

Штодзень

 

 

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png