Моўны актывіст Ігар Случак паведамляе, што мясцовыя ўлады ў Жыткавічах адхрысціліся ад ідэі “русіфікацыі” надпісу на ўязным знаку.
![](https://homeldays.org/wp-content/uploads/2024/03/431234617_10231436337202269_2778980270287459609_n-1024x1024.jpg)
Фота: сацсеткі Ігара Случака
“Калі памятаеце, у Жыткавічах хацелі паставіць новы ўязны знак з назвай горада. Стары быў беларускамоўны, новы планавалі рускамоўным зрабіць. Напісаў некалькі зваротаў – новы знак будзе беларускамоўным», – інфармуе Ігар Случак.
![](https://homeldays.org/wp-content/uploads/2024/04/434464196_10231582599178727_3820871762181993691_n.jpg)
Адказ з Жыткавіцкага выканкаму. Фота: сацсеткі Ігара Случака
У пачатку сакавіка з’явілася інфармацыя пра тое, што ў звязку з узвядзеннем новага ўязнога знаку на ўчастку мясцовай аўтадарогі да трасы «Гомель-Кобрын» надпіс на аб’екце можа быць рускамоўным. Дадзеная сітуацыя не пакінула абыякавым моўнага інспектара Ігара Случака, які ініцыяваў кампанію зваротаў у Жыткавіцкі райвыканкам. У якасці аднаго з аргументаў на карысць выкарыстання беларускага варыянта надпісу Ігар прывёў афіцыйную статыстыку: «Жыткавіцкі раён лічыцца адным з самых беларускамоўных у Гомельскай вобласці (амаль 83% жыхароў Жыткавіцкага раёну назвалі роднай беларускую мову)».
У адказе мясцовыя ўлады паведамілі, што «пры распрацоўцы праектнай дакументацыі будзе ўказана найменне горада Жыткавічы на беларускай мове».