Навіны горада

Новы публічны суд: у Чачэрску маладых людзей пакаралі «хіміяй» за пашкоджанне помніка салдатам Другой сусветнай вайны

Выязны суд прайшоў у актавай залі Чачэрскага тэхналагічнага каледжа, адзін з хлапцоў – студэнт гэтай установы. Абодва былі пакараныя абмежаваннем волі на працяглыя тэрміны.

Гэты суд стаў завяршэннем гісторыі, якая пачалася яшчэ ў кастрычніку 2023 года. Па звестках мясцовай раёнкі, тады двое хлопцаў пашкодзілі сякерамі плітку каля помніка брацкай магілы салдатаў Другой сусветнай вайны і агароджу калі мясцовага дома культуры.

Пад час суду, паведамляе раёнка, маладыя людзі віны прызналі і пакаяліся. Патлумачыць прычыны ўчынкаў не змаглі, казалі пра нематываваную злосць. У мінулым годзе абодва вызваліліся з установы закрытага тыпу.

Маладыя людзі аплацілі шкоду. Аднаму з іх, якому ўжо споўнілася 18 год, суд прызначыў пакаранне ў 4 гады «хіміі», другому непаўналетняму – 3 гады «хатняй хіміі». Асобна ім патлумачылі, што гэтае пакаранне можа быць змененае на калонію.

Гэты суд працягнуў ганебную практыку публічных судоў. Гледачамі сталі студэнты тэхкаледжу. Пры іх жа адбывалася і затрыманне ў снежні 2023 года. Абодва хлапца тады былі арыштаваныя.

Штодзень
Фота: Чечерский вестник