Народнае прызнанне і забыццё: “Купалінка” і лёс яе аўтараў

by homieldays

“Купалінка, Купалінка, цёмная ночка…”. Не памылімся, калі сцвердзім, што гэтая песня вядомая практычна кожнаму беларусу, і пры гэтым шматлікія лічаць яе народнай, хоць гэта і так, і не так адначасова.

Як “Купалінка” з народнага спеву стала аўтарскай, а потым зноў пайшла ў народ? Што сталася з аўтарамі знакамітай беларускай песні? І ўрэшце хто такая “Купалінка”? Мова Гомель шукала адказы на гэтыя пытанні.

кадр з кліпа “Купалінка” гурта NaviBand

 

КУПАЛІНКА

Ёсць розныя меркаванні наконт таго, хто такая Купалінка. Паводле адных даследчыкаў, Купалінка – гэта язычніцкая багіня кахання, дачка бога Купалы. Свята Купалле, прысвечанае ёй, адзначаецца толькі на працягу адной летняй ночы. Паводле падання, Купалінка зробіць шчаслівым таго, хто знойдзе ў лесе чароўную папараць-кветку.

Іншыя даследчыкі сумняваюцца ў такой версіі і мяркуюць, што свята Купалле магло быць прысвечанае язычніцкаму богу Ярыле, які нібыта памірае ў купальскі дзень, каб зноў адрадзіцца вясною на будучы год. У кожным разе, Купалінка – гэта жанчына або “цёмная ночка”, і паводле пашыранай версіі песні, яе дачка “ружу поліць, белы ручкі коліць”, і пляце купальскі вянок.

ЯК ПРЫЙШЛА ПАПУЛЯРНАСЦЬ

Песню “Купалінка” стварылі больш за сто гадоў таму, у 1921 годзе, спецыяльна для спектакля “На Купалле”, дзе яна стала галоўным матывам кахання. Гэты спектакль быў пастаўлены ў Беларускім дзяржаўным тэатры (цяперашнім Купалаўскім тэатры) і карыстаўся вялікай папулярнасцю ў 1920-я гады. З гэтым спектаклем тэатр зладзіў больш за 400 паказаў па ўсёй краіне, а таксама ездзіў з ім Маскву. У пастаноўцы на пачатку гучала аўтэнтычная “Купалінка”, а ўжо ў кульмінацыйны момант зараджэння пачуцця галоўных герояў з’яўлялася аўтарская мелодыя.  І так было, пакуль аўтараў не рэпрэсіравалі, а іх імёны “павыкрэслівалі” адусюль, дзе было можна.

 

Даследчык гісторыі песні “Купалінка”, кампазітар Максім Іўкін, упершыню агучыў імёны аўтараў падчас навуковай канферэнцыі ў Беларускай акадэміі музыкі ў 2008 годзе. Паводле даследчыка, да стварэнне гэтай песні датычныя тры асобы:

Гэта, найперш, Уладзімір Тэраўскі як аўтар музыкі. Акрамя яго – Еўсцігней Міровіч, рэжысёр, які ставіў спектакль “На Купалле”. І аўтар п’есы Міхась Чарот, які склаў яе сюжэт на аснове купальскіх абрадавых песень.

Як даводзіць Максім Іўкін, аўтарства песні “Купалінка” варта пазначаць так: музыка Уладзіміра Тэраўскага, словы народныя ў апрацоўцы Міхася Чарота. Абодва творцы былі расстраляныя НКВД у перыяд Вялікага тэрору.

АД ПРЫЗНАННЯ ДА “ЗАБЫЦЦЯ”

Уладзімір Тэраўскі быў адной з самых яскравых музычных асоб у перыяд станаўлення беларускай дзяржаўнасці. Нарадзіўся 11 лістапада 1871 года ў вёсцы Раманава Слуцкага павета (зараз в. Леніна). Быў малодшым сынам у сям’і праваслаўнага святара. У 1889 годзе скончыў Слуцкае духоўнае вучылішча, пасля чаго навучаўся ў Мінскай епархіяльнай семінарыі.

Уладзімір Тэраўскі

 

Беларускі дырыжор, кампазітар, фалькларыст. Уладзімір Тэраўскі стварыў адзін з першых беларускіх харавых калектываў – Мінскі беларускі хор. Змятрок Бядуля ў сваім артыкуле “Штрыхi аб беларускай культуры” адзначаў, што хорам Тэраўскага магла б ганарыцца “любая нацыя, болей культурная за нашу”, і называў Уладзіміра Тэраўскага мастаком-самародкам. Хор Тэраўскага меў велізарны ўплыў і на беларускае грамадства‚ і на развіццё беларушчыны. Фактычна ён стаў, як бы цяпер сказалі, беларускім нацыянальным брэндам.

Хор Тэраўскага, фота: nlb.by

 

Тэраўскі пісаў песні і рамансы на словы Купалы, Коласа, Бядулі, Чарота і інш. Менавіта ён напісаў музыку да “Ваяцкага маршу” — нацыянальнага гімну БНР на словы Макара Краўцова. Тэраўскі любіў апранацца ў тон усяму хору па-народнаму: белая беларуская світка, пад ёй кашуля з саматканым поясам.

Уладзімір Тэраўскі быў звязаны з беларускім нацыянальным рухам. Яго расстралялі 10 лістапада 1938 года паводле прысуду тройкі НКУС (НКВД) як “агента польскай разведкі”.

Міхась Чарот

Трагічна завяршыўся лёс і другога аўтара песні “Купалінка”. Сапраўднае імя Міхася Чарота – Міхаіл Кудзелька. Ён нарадзіўся 7 лістапада 1896 года ў мястэчку Рудзенск Ігуменскага павета Мінскай губерні (цяпер Пухавіцкі раён). Настаўнік паводле адукацыі, ён прайшоў грамадзянскую вайну, быў адным са стваральнікаў літаратурнага аб’яднання “Маладняк”, рэдактарам газеты “Савецкая Беларусь”, прыхільнікам ідэі пабудовы новага свету. Яго вядомая паэма “Босыя на вогнішчы” (1921) стала першай пралетарскай паэмай у беларускай літаратуры. Мaючы пpыгoжы бapытoн, Чарот спяваў і ў хоры Уладзіміра Тэраўскага.

Міхась Чарот

 

“КУПАЛІНКУ” ПРЫСВЯЦІЎ КАХАНАЙ ДЗЯЎЧЫНЕ

Паводле даследчыкаў, калі творчы шлях Міхася Чарота складваўся ўдала, то ў каханні яму не шчасціла. І што важна, песню “Купалінка” ён прысвяціў менавіта сваёй каханай дзяўчыне.

У спектаклі “На Купалле” Беларускага дзяржаўнага тэатра, дзе “Купалінка” стала галоўным матывам кахання, песня невыпадкова ўкладзеная ў вусны галоўнай гераіні, Алесі, роля якой і дасталася артыстцы Алесі Александровіч, у якую паэт быў закаханы. Аднак у жыцці Алеся абрала іншага, і нават не дазволіла прысвяціць сабе гэтую п’есу…

Даследчыкі называюць Міхася Чарота таленавітым, хоць і супярэчлівым аўтарам. У 1930-я гады ён практычна адышоў ад літаратурнай дзейнасці, а вершам “Суровы прыгавор падпісваю першым” далучыўся да публічнага асуджэння рэпрэсіраваных беларускіх пісьменнікаў. У студзені 1937 года Міхась Чарот быў арыштаваны як “удзельнік контррэвалюцыйнай арганізацыі”. Яго апошні верш “Прысяга” пра асабістую невінаватасць запісаны на сцяне мінскай унутранай турмы НКВД. Быў расстраляны ў трагічную для беларускай культуры ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года…

 

Вось такая няпростая гісторыя песні “Купалінка”, якая з народнай стала аўтарскай, але аўтараў якой напаткаў надзвычай трагічны лёс, лёс ахвяр Вялікага тэрору. А “Купалінку” выконвалі і надалей выконваюць шматлікія беларускія выканаўцы.

 

Мова Гомель.

 

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png