Яшчэ 10 гадоў таму неглюбская гарлячка была мала каму вядомая, а цяпер яе спрабуюць самастойна зрабіць беларускі. Ці, прынамсі, шукаюць, дзе набыць.
Як адзначаюць даследчыкі, на тэрыторыі Беларусі бісер вядомы ўжо з ранняга жалезнага веку. У даведачна-метадычным зборніку “Народная рамёствы Міншчыны” адзначаецца, што ў перыяд з IX na XV ст. існавала традыцыя аздаблення бісерам адзення:
“Знойдзеныя ў раскопках курганоў X ст. паблізу в. Захарнічы Полацкага раёна ніжэй ног касцяка 45 зялёных і фіялетавых пацерак сведчаць аб упрыгожанні імі падола адзення .Вышытае бісерам адзенне знаходзяць у шматлікіх жаночых пахаваннях.”
Бісер выкарыстоўвалі не толькі для вырабу пацерак, а таксама для вышыўкі галаўных убораў, абутку, для аздаблення культавых прадметаў (ікон, адзення для богаслужэнняў). У XVII ст. з’яўляецца веткаўскае шытво бісерам.
У кнізе “Народная рамёствы Міншчыны” адзначаецца, што ў канцы XIX – пачатку XX ст. “сакрэты шытва жэмчугам, а потым і бісерам захоўваліся і перадаваліся ў манастырскіх майстэрнях. Да майстрых аддавалі вучыцца пяці-шасцігадовых дзяўчынак, якія мелі схільнасць да такога тонкага рамяства.”
Бісер у Беларусі выраблялі са шкла, з металу, бурштыну. выкарыстоўвалі як прывазны, так і мясцовы бісер. Напрыклад, у XVIII ст. бісер выраблялі ў мястэчку Урэчча (Любанскі раён) і ў Гродна на мануфактуры шкляных пацерак.
З канца 19 стагоддзя на Гомельшчыны (Ветка, Лоеў, Неглюбка) жанчыны пачалі вырабляць з бісеру шыйныя ўпрыгожанні – “кружкі”. Гэта арнаментальная стужка, плеценая з рознакаляровага бісеру і нашытая на тонкую тканіну. Шырыня кружкі – каля трох сантыметраў. У тканіну таксама ўшывалі палоску бяросты і тоўстай тканіны, каб упрыгожанне было круглым.
Найбольш пашыранае выкарыстанне бісеру назіралася на Гомельшчыне. Даследчыкі звязваюць гэта з наяўнасцю неабходных умоў і сыравіны для шкларобства і вырабу пацерак і бісеру. На жаль, цяпер ні на Гомельшчыне, ні ў Беларусі ў цэлым бісер не вырабляецца. А пра выраб гарлячак ці кружкоў памяталі хіба што ў музеях ці ў самой Неглюбцы.
У Неглюбцы і навакольных мясцовасцях гарлячку насіла кожная жанчына. Упрыгожанне кожная рабіла сабе сама. Калі пачалі рабіць гарлячку, не памятаюць нават старажылы Неглюбкі. Узор гарлячкі быў практычна адзін і той жа ў чорна-белых колерах, так званае “вароняе вока”. Як распавядаюць супрацоўнікі Веткаўскага музея, такі ўзор рабілі спрадвеку і цяпер ніхто не памятае, чаму менавіта такі.
Цяпер гарлячкі робяць многія майстрыхі. Напрыклад, неглюбскі строй аднаўляе майстрыха і культурная дзяячка Кацярына Ваданосава. У інстаграме можна знайсці мноства старонак, дзе прапаноўваюцца, як гарлячкі, так і кружкі.
На ютую-канале Веткаўскага музея можна знайсці майстар клас, як зрабіць гарлячку. Таксама у 2015 годзе з’явілася кніга Вольгі Пярмінавай «Бісерапляценне ў беларускай традыцыі».