У Гомелі збіраюцца пабудаваць крэматорый і калумбарый для жывёл

by ZB

Пакуль што на пытанне пра тое, дзе і як па правілах або законе ў Гомелі можна пахаваць хатняга гадаванца, звычайна проста разводзяць рукамі – афіцыйна зарэгістраваных дзеючых аб’ектаў па пахаванні трупаў хатніх жывёл у Гомелі няма. Гэтую інфармацыю журналістам “Гомельскіх Ведамасцяў” нядаўна пацвердзіў дырэктар КУП “Спецкаммунтранс” Валерый Ткачоў. Пры гэтым у тым жа “Спецкамунтрансе” ўжо больш за 10 гадоў (згодна з рашэннем аж ад 18 лютага 2011 года № 198 – рэд.) займаюцца адловам і эўтаназіяй жывёл. Там жа, як пракаментаваў Ткачоў, трупы жывёл і ўтылізуюць. Якім чынам, і куды пасля гэтага дзяваюць парэшткі жывёл — не паведамляецца. І вось праз больш чым 10 гадоў, чыноўнікі вырашылі пачаць вырашаць гэтае пытанне.

Ілюстрацыйнае фота

Па рашэнні Гомельскага гарвыканкама, ужо зараз КУП “Спецкамунтанс” распрацоўвае архітэктурна-планіровачную схему пад будаўніцтва ў горадзе аб’екта, які будзе называцца “Пункт часовага ўтрымання жывёл”.

Там жа будзе знаходзіцца крэматорый і калумбарый для жывёл. І, мяркуючы па тым, што ў Беларусі да гэтага часу няма закона аб абароне жывёл, а прававы статус безнаглядных сабак і катоў практычна нулявы, то тых жа жывёл з “пункту часовага ўтрымання” праз нейкі час, калі іх ніхто не захоча забраць дадому, будуць працягваць забіваць, але цяпер трупы будуць спальваць у крэматорыі. Адзіны станоўчы момант у тым, што хатніх гадаванцаў, якія памерлі ў сям’і, у новай установе можна будзе афіцыйна крэміраваць, а потым пахаваць у калумбарыі, а не проста дзесьці закапаць, як гэта робяць зараз.

 А што з планамі на крэматорый і калумбарый для людзей?

Гэтым пытаннем, дарэчы, гомельцы таксама даўно занепакоеныя. Запыт на крэмацыю ў рэгіёне ёсць, але крэматорыя або калумбарыя няма ніводнага.

Літаральна некалькі месяцаў таму ў Гомельскім гарвыканкаме распавялі, што ўжо разглядаецца пытанне аб выдзяленні зямельнага ўчастка, які прылягае да існуючых могілак у раёне Стукачоўкі (Гомельскі раён). Там акрамя месца для звычайных могілак, збіраюцца вылучыць месца для будавання крэматорыя і калумбарыя для людзей.

Штодзень

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png