Сем фактаў пра маладосць Алеся Бяляцкага

by ZB

Нобелеўскі лаўрэат, беларускі праваабаронца і палітзняволены Алесь Бяляцкі адзначае свой 62-гі дзень народзінаў. «Штодзень» з дапамогай кнігі «Алесь» сабраў малавядомыя факты з яго «гомельскага перыяду» жыцця, дзе расказчыкам выступае сам знакаміты выхадзец з Гомельшчыны. Шмат якія моманты будуць блізкія і сённяшнім актывістам і змагарам за беларушчыну і Беларусь.

 

Сяргей Сыс і Алесь Бяляцкі. Фота: Вясна

 

 

  1. Алесь Бяляцкі нарадзіўся ў пасёлку Вяртсіля ў Карэліі (тады РСФСР) у беларускай сям’і з Гомельшчыны

«Пасьля савецка-фінскай вайны трэба было асвойваць далучаныя тэрыторьі, і ў запрыгоненых савецкіх сялянаў зьявілася магчымасьць вырвацца з «калгаснага раю». Заможная некалі сямʼя Бяляцкіх пасьля калектывізацыі ператварылася амаль у жабрацкую. На пачатак 1940 года шасьцёра дзяцей майго дзеда Усьціна пачалі пухнуць ад голаду, бо, літаральна, не было чаго есьці, і ён вырашыў пакінуць родныя мясьціны, Рагачоўшчыну, і завербаваўся на «акупаваныя землі»».

«Жылі на хутары, сьпешна кінутым фінамі. Як згадвала бабуля Марыя, як у раі. А калі ў сорак першым грымнула новая вайна, эвакуяваліся».

«Мой будучы тата… вярнуўшыся назад у Карэлію з эвакуацыі, падлеткам яшчэ лазіў па тэлефонных слупах, наладжваў тэлеграфную і тэлефонную сувязь… Маці, Ніна Аляксандраўна Кавальчук, родам з Нараўлянскага раёна. У Карэлію яна трапіла таксама праз вярбоўку, але толькі ўжо празь іншую… Калі мне было два гады, вярнуліся на Радзіму… Паехалі на родную Гомельшчыну, каб бліжэй да бацькавага Рагачова і матчынай Нароўлі».

 

Група “Баскі”, у якой граў на бас-гітары будучы нобелеўскі лаўрэат Алесь Бяляцкі

 

  1. У дзяцінстве любіў запалкі, лазіць па дрэвах і дужацца, але ў 5 класе палюбіў чытаць кніжкі

«У савецкія часы дзіцячыя садкі былі перапоўненыя, а як няма куды падзець малога, дык аднаго пакідалі ў хаце: старэйшы брат ішоў у школу, а бацькі на працу. Кожны раз яны баяліся, што згару разам з домам, і кожны раз Бог мяне абараняў».

«Падпальваў нашую «халупу» разы з тры. Дакладна памятаю «палымяны» старт: пажар тады зрабіў на кухні, наклаў на электрычную плітку газетаў, а потым, кал яны загарэліся, і полымя перакінулася на фіранкі, пабег у спальню, паскардзіўся маці, што спала пасля начной зьмены, і пасьпяхова уцёк да суседзяў на першы паверх».

«Вельмі любіў лазіць па дрэвах. Забіраўся высока-высока, і ніхто ня мог зняць. Прыманьвалі цукеркамі. Аднак унізе чакала вялікая крыўда, бо замест абяцаных прысмакаў атрымліваў па срацы».

«Я любіў самастойна вандраваць – то на недалёкую чыгунку, то ў лесе заблукаю, то яшчэ куды пайду. Бацькі баяліся, каб ня здарылася нешта трагічнае. Палохалі: не слухаесься, то калі-небудзь скрадуць цыганы! А тыя тады жылі на вакзале і часта хадзілі паўз нас. Аднойчы на дарозе заўважый дзьвюх цыганак і падумаў, што гэта па мяне. Сказаў Тузіку: «Фас!» ды кінуўся ў атаку. Бедныя жанчынкі…»

«Да пятага класа я быў лідарам і даказваў сваё «я» ці барацьбою, ці кулакамі. Паборваў ці пабіваў усіх, хто бы гатовы счапіцца са мной».

«Добра памятаю, што ў мяне цалкам адсутнічаў страх перад бойкаю ці адужаньнем».

«Але зь пятага класа перастаў гуляць у дваровыя гульні, пачаў запоем чытаць. Кніжкі, кніжкі, кніжкі. Вось чым стаўся мой новы сусьвет».

«Першы беларускі твор, які я прачытаў дзесьці ў класе пятым – «Палескія рабінзоны» Янкі Маўра. Адужваліся яны павольна, значна павольней, чым праглыналіся рускамоўныя кніжкі, але было цікава, таму і дачытаў».

«На выпускным іспыце па беларускай літаратуры у школе я адказвай зь веданьнем справы. Настаўнікі, якія былі ў камісіі, гэта адчулі і пранікліся. Ужо пасьля ўсіх пытаньняў прапанавалі пачытаць што-небудзь на памяць. Я згадаў верш Сяргея Грахоўскага. Гэта была самая моцная пяцёрка ў маім атэстаце».

3. Прыйшоў да беларускасці праз мову і кніжкі Караткевіча

 

«Захапленьне беларушчынай у савецкія часы непазьбежна і абʼектыўна падводзіла людзей да крытычнага асэнсаваньня рэчаіснасьці. Крыўда за беларускую мову, культуру, гісторыю, што ў СССР былі прысуджаныя да падзеньня, ліпеньня і ўрэшце да зьнікненьня, выклікала нязгоду і пратэст, расплюшчвала вочы на несправядлівасьць, несвабоду ўсей савецкай сістэмы. А нязгода і пратэст штурхалі да дзеяньня».

«Згадваючы пра пачаткі свайго нацыянальнага ўсьведамленьня, назаву некалькі адпраўных пунктаў.

І першы – гэта мова. Аўтэнтычная, чыстая, беларуская моўная стыхія, у якую я акунаўся з галавой, бавячы штогод лета ў бабулі, мамінай маці, у вёсцы Двор (Будніцкі Двор) на Нараўляншчыне. Там ня проста гаварылі па-беларуску, там гаварылі танальна, павышаючы ці паніжаючы тон голасу ў канцы ці напачатку фразаў. Атрымліваліся размовы-спевы.

Памятаю, са старэйшым родным братам Валодзем стаім на двары, паглядаем на дзяўчат, якія ідуць паз нашую хату зь лесу з кашалямі, поўнымі чарніцаў, і слухаем іхныя голасныя размовы. Валодзя сьмяецца:

– Ничего не понятно, о чем они говорят!

Мне гадо дзевяць. Я слухаю пералівы моўнай інтанацыі дзяўчат і разумею: гэта моўны спеў. І ён зачароўвае. І для мяне зусім ня важна, пра што яны гавораць, галоўнае – як прыгожа!»

«Таму, хоць я і размаляў зь дзяцінства да дзевятнаццаці гадоў па-руску, пераход на беларускую бы працэсам вяртаньня да свайго. Таго, што заўсёды прысутнічала у маёй падсвядомасьці».

«Што яшча спрьяла маёй беларускасьці? «Песьняры». У 1970-ыя гады яны вынесьлі беларускае слова на гарадзкі асфальт. Прычым зрабілі гэта так, што за беларускую музыку, беларускае паэтычнае песеннае слова было сапраўды ня сорамна. А быў гонар».

Дарэчы, менавіта Сямён Сямёнавіч даў пачытаць «Дзікае паляваньне караля Стаха

– і гэта было сапраўднае адкрыцьцё! Затым я праглынуў «Хрыстос прызямлійся ў Гародні», далей у такім жа запоі – «Каласы пад сярпом тваім». І канчаткова ўсьвядоміў сваю беларускасьць».

  1. Старэйшакласнікам пісаў ліст у абарону беларускай мовы… але не адправіў яго

 

«Упарта не разумеў, чаму так несправядліва мала ў нашым жыцьці месца для яе. Некалькі разоў задаваў гэтае пытаньне «класусе», як мы называлі Антаніну Міхайлаўну. Яна штораз адказвала, што кожны можа размаўляць на той мове, на якой хоча: ці па-руску, ці па-беларуску».

«Якраз скончы школу, збіраўся на падрыхтоўчыя курсы беларуска-рускага аддзяленьня гістарычна-філалагічнага факультэта Гомельскага ўніверсітэта. Ужо меў запрашэньне і вось сядзеў, пісаў свой ліст у абарону беларускай мовы. І напісаў, выказаў усе свае крыўды і трывогі».

«Але калі ўрэшце спакойна прачытаў свае развагі, зразумеў, хоць ніхто мне гэтага не тлумачыў і не засьцерагаў, што калі пашлю напісанае, то наўрад ці паступлю на філфак, а пайду тады, хутчэй за ўсё, круціць гайкі на «хімдым» – туды, дзе працуюць мае бацькі.

I нікуды нічога не даслаў. Паклаў ліст у папку і паехаў у Гомель рыхтавацца да іспытаў».

 

  1. У Гомельскім ўніверсітэце стварылі беларускую суполку

«Неяк перад сном я пераконваў Казлова (Анатоля Казлова, будучага беларускага празаіка, Штодзень), што рана ці позна Беларусь будзе незалежнай, але ён зь недаверам пярэчыў. Тады гэта ўяўлялася недасяжнай фантазіяй. У 1991-м, калі мы сапраўды атрымалі незалежнасьць, я з усьмешкаю згадваў тыя спрэчкі».

«Дзеля папулярызацыі беларушчыны мы шукалі асьветніцкія і культурніцкія формы. Менавіта тады, у 1981 годзе, узьнікла ідэя стварыць беларускамоўны рок-гурт – назвалі яго «Баскі». Музыку і словы пісаў Ёдрусь А. Былі выступы (на ўніверсітэцкіх канцэртах, дыскатэках у Веткаўскім і Хойніцкім раёнах), але не было ўпэўненасьці ва ўласных сілах – гурт распаўся, калі мы скончылі ўніверсітэт.

Значна лепш складвалася зь літаратурнай творчасьцю. Кожны штосьці піша. Добра памятаю першы пачуты верш Толіка Сыса».

«Я пачаў стала размаўляць па беларуску што выклікала кепікі з боку сяброў, якія пазаканчвалі беларускамоўныя школы.

– Кінь, не выдурняйся, усё адно ў цябе нічога не атрымаецца!

– Саша, брось, ну какой ты Алесь, – дражніўся Толік Сыс, – у тебя же такой чистый московский акцент.

– Гы-ты-ты, – сьмяяліся астатнія хлопцы…

Але праз два-тры месяцы ўсе і забыліся на тое, што некалі я гаварыў толькі па-руску».

«У ліпені 1981 года нас, студэнтаў, адправілі на практыку ў піянерскі лагер. У Клёнках пад Гомлем, на беразе Сожа, куды за паўстагодзьдзя да таго на пленэр выяжджаў драматург, рэжысёр і мастак Уладзіслаў Галубок, я ўпершыню зразумеў, наколькі ўспрымальныя да роднага слова сямігадовыя дзеці.

Так, літаральна праз тыдзень працы зь імі самы малодшы атрад на загад выхавальніцы ўзяць з сабой на пляж «полотенца» дружна крыча ў адказ:

– Не полотенца, а ручнікі!»

«Мы зь Ёдрусем пайшлі яшчэ далей: даволі часта наведвалі лекцыі ў звычайных фуфайках з кірзавымі лесьнікоўскімі торбамі на баку, у вышытых беларускіх кашулях. На агульных з рускімі філолагамі і гісторыкамі лекцыях даставалі з торбаў дошку, сала, хлеб і дэманстратыўна елі, а затым сьпявалі беларускія народныя песьні».

Анатоль Сыс, Едрусь Акулін Эдуард Акулін і Алесь Бяляцкі. Бабчын 1980 год. Фота з кнігі Алеся Бяляцкага “Асвечаныя Беларушчынай”, Вільня 2012 год. Фота: Сяржук Сыс

 

  1. Таемна пісалі Жыве Беларусь!

«У 1983 годзе, дзесьці позняй вясною, прыбег да нас у шасьцьдзясят першую «беларускую хатку» Сяржук Сыс. Пасьля войска ён працаваў грузчыкам на кандытарскай фабрыцы «Спартак», што месьцілася насупраць нашага інтэрната, на другім баку вуліцы Савецкай.

Усхваляваным, перарывістым голасам пракрычаў:

– Зайшоў у тэлефонную будку, а там напісана: «Жыве Беларусь!»

«У тагачасным Гомлі гэта было раўназначнае дыверсіі… Уразіла, што у Гомлі знайшоўся той, хто жыў на адной з намі хвалі».

«Мы абавязкова павінныя пакінуць пазнаку пра сябе, – паведамляю Сержуку, – каб і гэтыя невядомыя ведалі, што яны не адныя, што i ў іх ёсьць аднадумцы».

«Мы шукалі зручнае месца, каб напісаць чароўныя і запаветныя словы. Урэшце спыніліся на драўлянай лесьвіцы, што сыходзіла на бераг Сожа… Пачалі з долу, тады падымаліся угору, пакідалі на прыступках і пляцоўках чырвоныя словы-сімвалы, словы-заклікі, словы-выклікі: «Жыве Беларусь!»»

«Увосень 1982 года футбольнае менскае «Дынама» выйграла саюзны чэмпіянат. Адразу пасьля перамогі інтэрнаты ў Гомлі падазрона заціхлі, а праз гадзіну ўжо вясёлыя студэнты вывалілі на Савецкую. Гэта была, мабыць, першая несавецкая дэманстрацыя ў горадзе за доўгія гады.

Пад тысячу чалавек пайшлі вуліцаю ў цэнтр, скандуючы: «Дынама» чэмпён!» Сярод іх, натуральна, былі і мы, а таму празь некалькі хвілінаў грамада падхапіла нязвыклае для ўсіх, але запамінальнае і хвалюючае: «Жыве Беларусь!» Мы крычалі так, што пазрывалі галасы».

 

  1. У 1983-84 удзельнічаў у стварэнні падпольнай беларускай партыі

«Дарогаю Вінцук (Вінцук Вячорка, Штодзень) нечакана сказаў, што мае сурʼёзную размову…

– Ёсьць хлопцы, і мы хочам змагацца за незалежнасьць Беларусі, але гэта небясьпечна. У нас падпольная структура, і мы ўсё будзем рабіць патаемна. Будзем змагацца за незалежнасьць, супраць камунізму.

І далей нечакана запытася, ці не пагаджуся ўвайсьці туды? Пры гэтым удакладніў: там толькі правераныя людзі – каб уберагчыся ад КДБ.

Я цудоўна ведаў, наколькі гэта небясьпечна… Разумеў і тое, што змагацца за Беларусь паасобку было ўжо замала, і калі б такой групы не было, дык раней ці пазьней я сам прапанаваў бы яе стварыць. Таму з палёгкаю вымавіў: Так».

Штодзень

 

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png