На «8 сакавіка» і «Добрушскі фарфоравы завод» прызначаныя новыя дырэктары

У аблвыканкаме зацвердзілі новыя прызначэнні кіраўнікоў: гомельскую фабрыку «8 сакавіка» і «Добрушскі фарфоравы завод». Абодва прадпрыемствы стратныя, а новыя кіраўнікі ўжо мелі досвед працы з падобнымі структурамі, але не заўсёды паспяховы.

Юрый Мацюшэўскі з Оршы, у Мінск, а пасля ў Добруш

Юрыя Мацюшэўскага ўзгаднілі на пасаду генеральнага дырэктара ЗАТ «Добрушскі фарфоравы завод». Па афіцыйнай інфармацыі, раней ён узначальваў мінскае прадпрыемства «Эксперыментальна-механічны завод» (усяго каля года). Але ў аблвыканкаме не згадваюць, што раней Мацюшэўскі адносна працяглы час (з 2021 года) працаваў дырэктарам «Оршааграпраммаш».

На гэтай пасадзе ён дэманстраваў высокую ступень лаяльнасці Лукашэнку.

«Я ўпершыню слухаў пасланне кіраўніка дзяржавы не па тэлебачанні, а як непасрэдны ўдзельнік такога маштабнага мерапрыемства. Лічу, што фармат выступлення прэзідэнта краіны вельмі актуальны для нашага грамадства, дзе Аляксандр Лукашэнка прама і адкрыта выказвае свой пункт гледжання, і той пасыл, стратэгію, паводле якой развіваецца беларускае грамадства», – пераконваў Мацюшэўскі.

Асабліва яму спадабалася выказванне, «што Беларусь — мірная краіна». «Мы самі ніколі не будзем ваяваць, але калі нехта замахнецца на нашу незалежнасць, мы будзем адбівацца», – быў перакананы дырэктар.

У 2023 годзе на «Оршааграпраммаш» рэалізавалі «інавацыйны праект»: набылі станкі, каб рабіць «брус рэжучы». Раёнка справаздачылася, што тэмп росту вытворчасці на прадпрыемстве за студзень-жнівень у тым годзе склаў 105%, экспарту — 134%, рэнтабельнасць продажаў — 6,7%.

«Прадпрыемства выконвае і перавыконвае ўсе паказчыкі, закладзеныя ў планах на 2023 год. Калі знаходзішся на заводзе, адчуваеш асаблівую атмасферу сярод завадчан. Апошнім часам яны здзейснілі сапраўдны прарыў у развіцці вытворчасці. Змяняюцца цэхі і ўчасткі, паляпшаюцца ўмовы працы і быту. Штогод на заводзе рост заработнай платы складае не менш за 22 працэнты», – радаваліся ў Оршы.

Гэтае ж прадпрыемства патрапіла ў спіс пераможцаў рэспубліканскага конкурсу «Лідары галіны Рэспублікі Беларусь – 2023» у намінацыі «Сельгастэхніка года». Паведамлялася, што досвед вытворчасці сельгасмашынаў «Оршааграпраммаш» «накоплівае з 1932 года».

Дык чаму ж тады цяпер маўчаць пра такую паспяховую веху ў кар’еры Мацюшэўскага? Справа ў тым, што «Оршааграпраммаш» закрываюць. І інавацыйны праект не дапамог.

Далей Мацюшэўскі патрапіў у Мінск на Вопытна-механічны завод (са снежня 2024 года), адносна стабільнае прадпрыемства, якое робіць медыцынскую мэблю. Праўда, супрацоўнікаў там было да 50 чалавек. Дзяржаўнае рэгіянальнае агенцтва хваліла Мацюшэўскага: «У выніку па выніках чатырох месяцаў 2025 года аб’ём вытворчасці ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года вырас больш чым на дзве траціны, а прыбытак – утрая».

І тым не менш, на гэтым прадрыемстве новапрызначаны дырэктар Добрушскага завода прапрацаваў прыкладна год і адправіўся далей. Ён мяняе не толькі рэгіёны (Віцебская вобласць – Мінск – Гомельская вобласць), але і галіны дзейнасці. Падобна, што чыноўнікі бачаць Мацюшэўскага як антыкрызіснага лаяльнага менеджара. Праблема толькі ў тым, што пасля яго зыходу, не ўсе прадпрыемствы выжываюць.

«Беллегпром» – «Камволь» – «8 сакавіка»

Дырэктарам ААТ «8 Сакавіка» была ўзгодненая Юлія Грынчык. Раней яна была генеральным дырэктарам ААТ «Камволь» (са студзеня 2024 года і да кастрычніка 2025 дырэктарам, і 2017-2022 намеснікам дырэктара), а да таго займала пасаду начальніка упраўлення знешнеэканамічных сувязяў канцэрна «Беллегпрам».

У 2024 годзе Грынчык рапартавала пра дасягненні прадпрыемства: “У нас вялікі партфель заказаў, які сфарміраваны практычна да сярэдзіны кастрычніка. За апошнія гады нам удалося адвыкнуць ад такога попыту на нашы тканіны. Самыя вялікія заказы цяпер – з Узбекістана: да канца 2024 года, я думаю, мы зможам павялічыць пастаўкі ў гэтую сярэднеазіяцкую краіну ў 20 разоў».

У студзені 2025 года на прадпрыестве прайшоў «Марафон адзінства». У чэрвені за кошт «Камволя» закончыў рэарганізацыю інтэрната ў жылы дом (праект быў адобраны яшчэ ў 2019-м), трохі менш за палову кватэраў з якога занялі ягоныя супрацоўнікі. Астатнія атрымальнікі ключоў – невядомыя. Рэгіянальнае дзяржаўнае ІА прызнавалася, што «будаўнічыя работы стартавалі, хоць абаротных сродкаў у прадпрыемства было не так і шмат». У верасні на прадпрыемствы ўзнагародзілі супрацоўнікаў.

Але на фоне гэтых прыгожых перспектываў нешта пайшло не так. У кастрычніку Аляксандр Лукашэнка нечакана абвясціў, што «Камволь» не працуе, накапіў пазыкаў больш чым 200 млн рублёў, і да яго звярнуліся па грошы на падтрымку прадпрыемства.

Пасля гэтага Грынчык знялі, яе месца заняла былая кіраўніца «Беллегпрома». «Камволь» нечакана назвалі праблемным заводам. І да снежня пра лёс новай кіраўніцы «8 сакавіка» не было чутна.

Цяпер Юлія Грынчык – дырэктар «8 сакавіка». Сітуацыя на прадпрыемстве таксама не самая лепшая. Як пісаў «Штодзень» швачцы на фабрыцы прапануюць ад 800 да 1400 рублёў, прычым гаворка ідзе пра поўную занятасць і «поўны сацыяльны пакет». Нават спецыяліст па знешнеэканамічнай дзейнасці з вышэйшай адукацыяй і трохгадовым досведам можа разлічваць толькі на 800–1500 рублёў. Гэта — узровень, на якім у іншых краінах наймаюць офісных асістэнтаў-пачаткоўцаў, але дакладна не прафесіяналаў у міжнародным гандлі.

Так што, проста на новым месцы перакінутай з «Камволя» лёгка не будзе.

Штодзень

Слайдар пастоў