У Гомельскай вобласці даследчыкі шукаюць дзікіх хамякоў

Дзікія хамякі (хамякі звычайныя, Cricetus cricetus) – вельмі рэдкія, дакладных звестак пра тое, што яны сёння жывуць ў Беларусі, няма, занесеныя ў «Чырвоную кнігу». Але пасля таго, як такога хамяка быццам бы бачылі ў Добрушскім раёне, былі арганізаваныя тры навуковыя выезды.

Ілюстрацыйнае фота

Даследнікі, звязаныя з кафедрай экалогіі ўніверсітэта імя Скарыны, паведамілі, што дзікага хамяка быццам бы бачылі каля аграгарадка Івакі на ўзараным полі яшчэ тры гады таму, паведамляе тэлеграм-канал De facto. Беларуская навука.

З таго часу, былі арганізаваныя тры палявых выезды (у 2024 і 2025 гадах). Даследчыкі шукалі грызуноў з дапамогай бінокляў, аглядалі норы, даследавалі траншэю.

На жаль, хамяка звычайнага пакуль так і не знайшлі. Наступны этап пошукаў: апытанне мясцовых жыхароў, збор і аналіз рэшткаў ежы соў. Даследчыкі дапускаюць, што звяркі жывуць на прысядзібных участках унутры самаго аграгарадка.

Што цікава, у 2019-2020 гадах спробу знайсці хамякоў у Беларусі зрабіла і «Ахова птушак Бацькаўшчыны», яны атрымалі на гэта фінансаванне ад Еўрасаюза і ААН і працавалі разам з чыноўнікамі з Мінпрыроды і аховы навакольнага асяроддзя.

«У Беларусі дакументальна зафіксавана пражыванне хамяка звычайнага толькі ў паўднёва-заходніх і паўднёва-ўсходніх раёнах. Магчыма, ён жыў і ў цэнтральных раёнах краіны. Але, на жаль, усе вядомыя раней месцы пражывання пры праверцы ў апошнія два гады аказаліся нежылымі, — паведаміў у 2019 годзе раёнцы Сямён Левы, спецыяліст АПБ па прыродаахоўных пытаннях. — Пакуль мы ведаем толькі адно дакладнае назіранне звычайнага хамяка ў 2019 у зусім новым месцы. Яшчэ ёсць 5–7 патэнцыйных месцаў, дзе хамяка адзначалі мясцовыя жыхары ў апошнія дзесяцігоддзі, і застаецца надзея, што ён там застаўся».

На думку спецыялістаў, за апошнія дзесяцігоддзі колькасць звычайнага хамяка скарацілася больш чым на 90 %. Калі нічога не зрабіць для яго аховы, верагодна, гэты рэліктавы від знікне ў Беларусі ўжо ў найбліжэйшы час, пісала ў 2019 годзе кобрынская раёнка.

У 2020 годзе «Бацькаўшчына» нават гатовая плаціць за знойдзенага хамяка 200 рублёў. Але пасля выбараў і пратэстаў улады прызналі арганізацыю экстрэмісцкім фармаваннем, і работа, як мы бачым была звернутая на чатыры гады.

Звычайныя хамякі — самыя буйныя прадстаўнікі падсямейства. Даўжыня цела ў дарослых самцоў — да 34 см, маса цела можа дасягаць і 1 кг. Афарбоўка – яркая і кантрасная: верх цела рудавата-буры, брушка чорнае. Хамякі жывуць паасобку, карміцца выходзяць ноччу. Таму заўважыць іх складана, але можна апазнаць па вельмі буйных норах, дыяметр уваходу 10 см, каля яго шмат зямлі. Зімой яны засынаюць.

Штодзень

Слайдар пастоў