Гіганцкія самы і шчупакі ляжаць уздоўж берага возера Крывога пад вёскай Васілевічы ў Жлобінскім раёне. Тут зафіксаваны масавы мор рыбы, пра які паведамляюць рыбакі. Паводле іх слоў, прычынай гібелі магла стаць адсутнасць лунак у лёдзе, неабходных для доступу кіслароду ў зімовы перыяд. Паклапаціцца пра лункі маглі б мясцовыя ўлады.
Адзін з рыбакоў, які дабраўся да возера пасля таго, як снег растаяў, эмацыйна апісаў убачанае так: “Мужыкі, гэта проста ж..а, сышоў снег, вада паднялася, нешта ўжо з’елі чайкі і жывёлы… але ўвесь бераг у рыбе”. На відэа ён паказаў мёртвую вялізную рыбу, якая ляжыць каля берага, сярод якой велічэзныя самы, шчупакі, судакі.
“Праз снег мала хто змог туды дабрацца. Ну і вынік “прыдухі”, канечне, сумны. У выніку толькі такіх рыбінаў я знайшоў штук 15 на беразе”, — напісаў М. у рэгіянальным чаце.
Паводле рыбака, куча дохлых самоў і акунёў ляжыць на беразе.
Зімой, калі вадаёмы пакрываюцца лёдам, неабходна рабіць лункі для паступлення кіслароду. На возеры Крывым, як сцвярджаюць мясцовыя жыхары, гэтага зроблена не было, што магло прывесці да масавага мору рыбы.
Калі рыбакі не мелі магчымасці своечасова зрабіць лункі, пра гэта маглі паклапаціцца мясцовыя ўлады або дзяржаўная інспекцыя жывёльнага і расліннага свету.
Пры гэтым інфармацыя пра выпадкі мору рыбы паступае і з іншых раёнаў, што можа сведчыць пра сістэмную праблему.
Чытайце таксама
У рацэ Дзясна ля Чарнігава – мор рыбы. Эколагі гавораць пра эфект ад ваенных дзеянняў
Найбуйнейшае возера Гомельшчыны зарыбляюць белым амурам