HomelDays_Logo_Main-mobil

Ляхавіцкі райвыканкам пакінуў без адказу зварот гомельскага моўнага абаронцы Ігара Случака: праз “дэструктыўную інфармацыю” і “экстрэмісцкую дзейнасць”

“Зварот пакінуты без разгляду, паколькі ў адкрытым доступе маецца інфармацыя дэструктыўнага характару і прыкметы датычнасці Случака І.В. да экстрэмісцкай дзейнасці на тэрыторыі замежных дзяржаў.” Такі адказ гомельскі моўны абаронца Ігар Случак атрымаў ад Ляхавіцкага райвыканкама.

“Гэта ўжо не першы адказ з Ляхавіцкага выканкама – папярэдні быў у траўні і меў наступны змест: “Оставлено без рассмотрения по существу в связи с экстремистской направленностью заявителя. Адказ, які я атрымаў напачатку чэрвеня, развівае тэму ўяўнага “экстрэмізму””, – пракаментаваў адказ “Штодню” Ігар Случак.

Ігар Случак. Фота: з архіву героя публікацыі

 

Паводле яго, “сама фармулёўка “экстрэмісцкі накірунак заяўніка” дзіўная і новая – такога эўфемізму” ён “яшчэ не сустракаў”. Таксама яму не вядомая і “інфармацыя дэструктыўнага характару”, “якая ёсць у адкрытым доступе і да якой я магу быць датычны. – Ніякіх рашэнняў судоў на гэты конт няма”.

“Асаблівую цікавасць выклікаюць “прыкметы датычнасці Случака І.У. да экстрэмісцкай дзейнасці на тэрыторыі замежных дзяржаў”. – Тут ужо наогул цяжка сказаць, чым кіраваўся той работнік Ляхавіцкага райвыканкама, што ўзяў на сябе функцыю спецслужбаў замежных дзяржаў, правёў расследаванне і знайшоў экстрэмізм, які, па яго меркаванню, я раблю нават не ў Беларусі, а за мяжой”. — Падкрэсліў моўны абаронца.

Ён выказаў здагадкі праблемаў, праз якія мог з’явіцца такі адказ: праз “недахоп кадраў” у райвыканкаме “завёўся не проста некампетэнтны, а наўпрост скажам – чалавек з абмежаванымі разумовымі здольнасцямі, які замест таго, каб прачытаць закон “Аб зваротах грамадзян і юрыдычных”, КаАП, іншыя галіновыя прававыя акты, начытаўся, відавочна ў стане змененай алкаголем або іншымі рэчывамі свядомасці, прапагандысцкіх тэлеграм-каналаў і пачаў даваць афіцыйныя адказы ў адпаведнасці з перакручаным уяўленнем сябе ў сістэме дзяржаўнай службы”.

“Але тое, што можна Грышу Азаронку ў яго тэлеграм-канале, нельга правінцыйнаму ноўнэйму з Ляхавіцкага райвыканкама: яго падобныя адказы – гэта парушэнне арт. 10.10 і 10.16 КаАП “Парушэнне заканадаўства аб зваротах” і “Парушэнне заканадаўства аб мовах””, – кажа юрыст.

Ігар Случак падкрэсліў, што яго першапачатковы зварот быў пра тое, які “працэнт справаводства ў выканкаме вядзецца на беларускай мове”.

“Такія дурныя адказы – заўжды рэдкасць, але раз у 3-4 гады сустракаюцца. Прабіваецца ў іх глыбінны чыноўнік, пралетарый паперы, які можа і дрэнна ўмее пісаць і чытаць, але адчувае сябе “государевым человеком”. Прасочым за яго лёсам – адпаведныя заявы аб прыцягненні яго да адказнасці ўжо напісаныя”, – заключыў моўны абаронца.

Штодзень

Слайдар пастоў