Ліквідатар аварыі на ЧАЭС: “Да гэтага часу не магу прабачыць камуністам тое, што яны не паведамілі пра аварыю”

 26 красавіка 2026 года – 40 год з моманту адной самай вялікіх тэхнагенных катастрофаў 20 стагоддзя, якая змяніла карэнным чынам жыццё не толькі ў Гомельскай вобласці, але і ўсёй Беларусі. Размова ідзе пра аварыю на Чарнобыльскай АЭС.

Тут была вёска

“Штодзень” ананімна паразмаўляў з адным з ліквідатараў аварыі, які распавёў пра свае ўспаміны, стаўленне да падзеяў таго часу і тое, чаго не хапае цяпер.

У гэтым годзе будзе 40 год Чарнобыльскай катастрофы. Можа быць, ёсць нешта, што вам да гэтага часу асабліва памятаецца да гэтага часу?

Я памятаю да гэтага часу нявызначанасць, небяспеку, якая была невядомай і вісела над намі і нашымі дзецьмі, а пасля гэтае перасяленне, эвакуацыя.

Мы жылі ў зоне, якая цяпер выселеная. І калі ўсё пачалося, то спачатку жа нас не эвакуіравалі, думалі, што, можа, абыдзецца. Выселілі спачатку тыя вёскі, каторыя былі непасрэдна за 3-5 км ад АЭС. З нашай толькі у траўні вывезлі дзяцей, жанчыны паехалі з імі.

Мужчынская палова засталася і праводзіла, напрыклад, дэзактывацыю школы. Побач вайскоўцы мылі дахі дамоў і зямлю звазілі ў магільнікі. Мы таксама працавалі на палях, там капуста была і буракі, праполку трэба было рабіць. Пыл глыталі без рэспіратараў, без нічога. Тая радыяцыя, яе ні бачна, ні чутна. Мы ведалі, што гэта дрэнна, але не баліць, дык хадзілі.

Да гэтага часу тым камуністам не магу прабачыць, што яны не папярэдзілі, што трэба ў хатах сядзець, што варта выехаць. Па выніку мы хадзілі гулялі, дзеці скакалі па гэтых лужынах. Цёпла было, +27. Гэта ж было, што ў нас не было водаправода, збіралі ваду дажджавую і купалі ў ёй дзяцей. Злачынства тое, што яны не паведамілі пра аварыю. Дагэтуль для мяне гэта жах, што яны так маглі паступіць з людзьмі.

І галоўнае, што у школах усё рыхтаваліся да экстранных сітуацыяў на уроках грамадзянскай абароны, у цір хадзілі, у нейкія ўкрыцці спускаліся. А тут адбылася гэтая аварыя, і ніхто нічога не змог.

Ад наступстваў аварыі пацярпела і наша дзіцё, знайшлі анкалогію. Мы дапамагаем, таму што якая там пенсія па інваліднасці? Мы дапамагаем, вымушаныя працаваць неяк, зарабляць дадатковыя грошы.

А колькі загінула нашых землякоў ад анкалогіі? Да аварыі была статыстыка на 100 000 чалавек тры выпадкі, а ў нас тут на некалькі тысяч былі дзясяткі. А колькі людзей загінула, калі яны перасяляліся і вялікую дозу атрымалі? Усё балела ў мяне таксама, ляжаў у лякарні. Многія сталі піць, памерлі ужо, а я ўжо трымаўся ў спортзал хадзіў, і вось, дзякуй, жывы дагэтуль. Варта было б у санаторый з’ездзіць, але дзе ты грошы набярэш.

А як за гэтыя гады змянілася стаўленне дзяржавы да ліквідатараў?

У першыя гады гады ліквідатараў было 170 000, цяпер прыкладна плюс-мінус 35 тысяч засталося. Ужо ж прайшло 40 гадоў. Канешне, многія памерлі ўжо, каторыя былі старэйшыя па ўзросце. І дзяржава ў прынцыпе выконвала ўзятыя абавязкі перад намі, калі быў Савецкі Саюз. І спачатку і ў Беларусі былі вялікія льготы, асабліва ліквідатарам-інвалідам – іх амаль адразу не стала, вельмі яны былі хворыя.

Потым дзяржава змяніла фармулёўкі, у нас было запісана ліквідатар, а сталі мы пацярпелыя ад ліквідацыі. Мы, аказваецца, ездзілі ў зону тую цярпець. І потым у 2007 годзе, улічваючы, што ў нас эканоміка “вельмі добра” развіваецца, дык усе льготы адмянілі: і бясплатны праезд, і дадатковы адпачынак, і лячэнні, і санаторыі – усё падмянялі і нічога не засталося. Там толькі можна ў паліклініку недзе без чэргі стаць ці там тэлефон падключыць.

А потым аказалася, што да пенсіі ёсць даплата 50 ці 60 рублёў фіксавана. Вось гэта ўсё, што засталося. Ну і ўжо лічыцца, што як бы шмат радыяцыі ўжо ліквідавана. Многія вёскі, якія лічыліся зонай і там нейкія льготы былі, у дзяцей бясплатнае харчаванне нейкае было, усё гэта забралі, як бы гэтага наогул няма.

Палі каля тых вёсак раней адселеных многія засеяныя. Бо ёсць жа зямля, дадаткова можна засеяць другое, яно не будзе ў дакументах і можна лепшы ўраджай прадэманстраваць, праўда?

А у вас засталіся кантакты з іншымі ліквідатарамі? Неяк падтрымліваеце адносіны там кантакты?

Ужо ж многія памерлі, а так засталіся, з тымі людзьмі, з якімі мы працавалі разам, а таксама з іншых месцаў, якія арганізоўвалі нейкія суполкі, аб’яднанні чарнобыльскія.

А што вы будзеце рабіць 26 красавіка, у гадавіну?

Калі нас нікуды не запросяць, то будзем дома. Збяромся з сябрамі, з блізкімі, каторыя ліквідатарамі былі. Успомнім, пагаворым, пасядзім. Але пакуль мы спадзяемся, што, можа, запросіць кудысьці. Хаця ўжо надзея слабая.

Што бы вы хацелі, каб змянілася ў стаўленні да ліквідатараў і што ўвогуле варта рабіць дзяржаве і людзям, каб памяць пра Чарнобыль жыла, пра гэтую аварыю, пра катастрофу?

Да ліквідатараў трэба змяніць адносіны. Ужо 20 гадоў амаль як гэтыя льготы адмянілі, можна было нейкія, асабліва тыя, што тычацца здароўя, вярнуць. Хаця б той санаторый бясплатны. Колькі там тых засталося ліквідатараў, і хто з іх паедзе. Лекі можна было б хаця б зрабіць ці бясплатна, ці хоць на 50% танней. Лекі дарагія цяпер.

Дзяржава ж не такая ўжо бедная, каб на нейкую жменьку людзей не хапіла сродкаў. Трэба не не замоўчваць, а паказаць што краіна клапоціцца пра ліквідатараў, якія выконвалі грамадзянскі абавязак не гледзячы ні на што.

Было б таксама добра, каб больш было інфармацыі, запрашалі ліквідатараў у школы, дзецям распавядалі, бо многія цяпер нічога не ведаюць.

І вось раней быў “Чарнобыльскі шлях”. Людзі ішлі, душа радавалася, на 5 км калона шыхтавалася. Не зашкодзіла б і яго вярнуць.

Штодзень
Фота: кніга Ігара Косціна “Чарнобыль. Споведзь рэпарцёра”

Слайдар пастоў