Кіраўнік Гомельскай епархіі Стэфан прыйшоў развітацца з каталіцкім епіскапам Казімірам Велікасельцам. Інфармацыю пра гэта даў каталіцкі гомельскі прыход, а праваслаўная епархія, якая актыўна асвятляе дзейнасць іерарха сарамліва прамаўчала.

Фота: Хрысціянская візія
Няма на сайце епархіі і спачуванняў у сувязі са смерцю епіскапа Велікасельца.
Раней Стэфан і Казімір разам удзельнічалі ў мерапрыемствах, у тым ліку праўладных, і нават сябравалі, паведамляе «Хрысціянская візія». Але ў апошнія гады супольных фота двух іерархаў не было, а Казімір перастаў з’яўляцца на шэсцях да дня перамогі і дзяржаўнага дня незалежнасці.
Рэгіянальныя чыноўнікі не прыйшлі на развітанне са святаром, не выказалі спачуванняў.
Казімір Велікаселец памёр 8 лютага у Гомельскім гарадскім кардыялагічным цэнтры. Ён быў найстарэйшым паводле ўзросту беларускім каталіцкім іерархам. У 1992 годзе ён быў прызначаны Генеральным вікарыем Пінскай дыяцэзіі, у 1999 годзе ён стаў біскупам. Іерарх жыў у Гомелі і ў 2013 годзе зарэгістраваў новую парафію пад гістарычнай назвай Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. Праз пяць год ён асвяціў крыж і зямлю пад будаўніцтва новага касцёла і часовую капліцу. Дзякуючы яго намаганням будаўніцтва касцёльнага комплекса працягвалася ўвесь час.
Гомельская журналістка Алена Германовіч падзялілася ўспамінамі пра святара з Vatican News: «Калі ён не маліўся, не цэлебраваў святую Імшу – то займаўся бясконцымі перапіскамі і ўзгадненнямі з чыноўнікамі з нагоды будаўніцтва новага касцёлу ў Гомелі. Грошай на будаўніцтва ніколі не хапала. Тады ён, маючы і 75+, і ўжо 80, сам сядаў за стырно і ехаў у Польшчу, праязджаў тысячы кіламетры, ад парафіі да парафіі, просячы дапамогі на новы касцёл. Ён не быў нямоглы “стары”, гэта не пра яго. У 75 гадоў ён падцягваўся 15 разоў і быў дужым чалавекам».