Ідэолагі жадаюць бясконца слухаць Лукашэнку, а плаціць за гэта павінны падаткаплацельшчыкі. Новы цыкл перадач «Цытаты першага» ад педагога-арганізатара запусцілі на гомельскім тэлебачанні.

Запоўненасці эфіру самім А. Лукашэнкам ідэолагам ужо не хапае. Перадачы, героі якіх будуць рэтрансліраваць і абмяркоўваць яго цытаты, вырашылі запусціць на гомельскім тэлебачанні. Падобна, што на самаакупнасць праекта адразу не разлічвалі, бо зроблены ён за кошт беларусаў – са сродкаў мэтавага збору на вытворчасць нацыянальнага кантэнту.
Мэтавы збор быў створаны ў 2022 годзе. Сутнасць яго ў тым, што з продажу рэкламы і паслуг, звязаных перадачай дадзеных, плаціцца асобны падатак. Калі вы аплачваеце мабільную сувязь ці доступ да інтэрнэту, у цану закладзены і гэты збор. Сабраныя грошы накіоўваюць на стварэнне прапаганды.
Падобна, што нават на заідэалагізаваным гомельскім тэлебачанні не знайшлося ахвотных стаць вядоўцамі. Рабіць гэта давялося галоўнаму рэдактару Гомель ТВ, дэпутату гарсавета сумнавядомай Ірыне Канавалавай.

Ірына Канавалава на медыяфоруме ў Гомелі. 2025. Фота: newsgomel.by
Канавалава скончыла філалагічны факультэт ГДУ ім. Ф. Скарыны і пачала кар’еру як педагог-арганізатар у школе. Потым была рэжысёрам Добрушскага дома культуры, пазней пераключылася на кар’еру ў ідэалагічнай вертыкалі і даслужылася да пасады галоўнага рэдактара раённай газеты «Маяк». 4 гады, не маючы досведу ў журналістыцы, пісала абразлівыя і малакультурныя, насычаныя нянавісцю артыкулы. У 2022 годзе, пасля масавых чыстак на Гомельскім радыё 107.4 FM, была прызначана галоўным рэдактарам телеканала Гомель ТВ, у склад якога ўваходзіць і вышэйзгаданая радыёстанцыя.

Канавалава вядзе тэлеграм-канал і мае там ажно 20 падпісантаў. Праглядаў на ютуб у праекта не нашмат больш.
