Павук-аса і тарантул, баршчэўнік і амерыканская норка. А некалі нашы бабулі-дзядулі ўпершыню пабачылі каларадскага жука. Сёння ўсё часцей мы чуем пра незвычайных гасцей, якія завіталі на нашы землі. З аднаго боку, нібыта гэта цікава і незвычайна, але з другога – вельмі небяспечна: для прыроды і здароўя людзей.
Вырашылі разабрацца ў нюансах інвазій раслін і жывёл у нашым рэгіёне. Гэтую справу нам пракаментаваў навуковец, запрошаны даследчык Інстытута глабальных катастрафічных рызыкаў (GCRI), Сяргей Бесараб.
Фота: facebook Сяргея Бесараба
ГОМЕЛЬШЧЫНА ЯК АМЕРЫКАНСКАЯ ПРЭРЫЯ І “КУКУРУЗНЫ ПОЯС”
Ці мы павінны ўжо прызвычаіцца, што інвазіі – гэта нармальная з’ява? Справа ў тым, што мы глядзім на гэтую сітуацыю залежна ад медыя. Калі медыя напішуць пра гэта, то мы пра гэта ведаем. Калі няма нейкай сістэматычнай працы, сістэматычных даследаванняў, то людзі не будуць ведаць ні маштабу гэтых інвазій, ні прыкладаў гэта інвазій. Зараз сістэма беларуская вельмі зачыненая, шмат інфармацыі ўтойваецца, таму мы можам арыентавацца толькі на нейкія аналогіі дэмакратычных краін, краін-суседзяў. Для клімату і кліматалогіі няма дзяржаўных граніц. Вось, калі так на гэта глядзець, то атрымліваецца, што гэта далёка ўжо не адзінкавыя выпадкі. Гэта абсалютна ўстойлівы трэнд, які з’яўляецца прамым вынікам змены клімату.
Фота: iXBT.photo (тарантул паўднёварускі)
ЧАМУ ГОМЕЛЬШЧЫНА?
Гомельская вобласць – чаму там больш за ўсё гэтых паведамленняў? Таму што гэта самы цёплы рэгіён Беларусі, які самы першы сутыкаецца з кліматычнымі зменамі. З кліматычнымі зменамі агулам, і ў прыватнасці з паступовым ссоўваннем агракліматычных зон, якія перамяшчаюцца на поўнач. Зімы становяцца больш мяккімі, а вегетацыйныя перыяды – больш доўгімі.
Гэта ўсё стварае ўмовы, калі Гомельшчына Беларусі (і гэта важная рэч), пераўтвараецца, умоўна кажучы ў лесастэп і стэп Украіны, ці поўдня Расіі.
Вось я вам апішу лесастэпавы клімат тыповы: лета доўгае і спякотнае, зіма бясснежная, без устойлівага снежнага покрыва, зімой і летам нераўнамерныя ападкі, летам яскрава выражаны моцныя залевы, вільгаць хутка выпараецца і знікае. Такія ключавыя з’явы як рэгулярныя засухі, асабліва ў другой палове лета. Яшчэ сухавеі, такія моцныя сухія вятры, якія часта суправаджаюць засухі, і пылавыя буры. І вам гэта ўсё не нагадвае апісанне Гомельшчыны?
Таму нічога дзіўнага ў тым, што тое, што жыве ў лесастэпавых умовах, яно пачынае жыць, зімаваць, размажацца і ствараць устойлівыя папуляцыі і на той жа Гомельшчыне.
АЛЕ… Калі прывесці яшчэ прыклад тэрыторыі, якой ўмоўна стане Гомельшчына, то гэта будзе амерыканская прэрыя, накшталт штатаў Аёва, Мінесота, Ілінойс, або кітайская Манчжурыя. Але мне больш падабаецца прыклад амерыканскіх прэрый. То бок Гомельшчына ператворыцца у амерыканскі так званы кукурузны пояс. Менавіта прэрыі даюць асноўную частку кукурузы для ўсіх ЗША.
Фота: © Ryszard (каштанавая моль)
ПРА ЯКІЯ АДРЭЗКІ ЧАСУ МЫ КАЖАМ, КАЛІ ГЭТА ЗДАРЫЦЦА?
Я думаю, што гэта можа быць 10-20 гадоў. Разумееце, чаму складана вызначыцца з часам? Бо гэтыя змены маюць нелінейную дынаміку. Павышэнне тэмпературы па нейкіх незразумелых прычынах на тэрыторыі Беларусі ідзе хутчэй, чым па свеце агулам і ў Еўропе нават. Гэта нелінейная залежнасць, тэмпература павышаецца занадта хутка і рыўкамі.
ЗАБЫТЫЯ ХВАРОБЫ І ЗАБЫТЫЯ ШКОДНІКІ
Інвазіі, звязаныя за зменамі клімату, нясуць сур’ёзныя пагрозы, кажа Сяргей Бесараб:
Калі казаць агулам пра пагрозы біялагічныя, то ў першую чаргу гэта кляшчы, камары, павукі, павук-аса той жа, тарантул паўднёварускі. Ён так і называецца паўднёварускі, то бок характэрны для поўдня Расіі, а цяпер так выглядае Гомельшчына. Мы чуем толькі пра самыя яскравыя прыклады, але гэты працэс закранае тысячы відаў насякомых, рыб, птушак, раслін… Не кажучы пра глебавыя мікраарганізмы, гэтага ўжо нават і чапаць не хочацца.
Небяспека такой сітуацыі значна глыбейшая, чым можа падавацца. Гэта не проста нейкі страшны тарантул ці павук-аса.
Па-першае, размова ідзе пра экалагічныя дысбалансы. Мясцовая экасістэма фарміруецца тысячагоддзямі. У нашых натуральных відаў беларускіх ёсць свае натуральныя ворагі і канкурэнты, ёсць свае ўсталяваныя харчовыя ланцужкі. Прыходзіць новы від, які не мае натуральных ворагаў, пачынае бескантрольна размажацца, выцясняць мясцовыя абарыгенныя віды, разбураць звыклыя харчовыя ланцужкі. Вось тут самы яскравы прыклад – баршчэўнік Сасноўскага.
Хоць той баршчэўнік яшчэ і не самая вялікая праблема, таму што хапае небяспечных шкоднікаў сельскай, лясной гаспадаркі. Тут, на маю думку, самы цікавыя прыклады – гэта каштанавая моль або ясеневая златка. Матылі, якія могуць знішчаць цэлыя лясныя масівы, і думаю, што вы бачылі засохлыя каштаны. Гэта не дзіва, гэта лагічныя наступствы.
Па-другое, гэта прамая пагроза жыццю і здароўю людзей. Тарантул, канешне, жанчыны баяцца яго. Але што той тарантул, ён як бы не смяротны, хоць кусае балюча, можа выклікаць алергічную рэакцыю, але з поўдня могуць прыйсці нашмат больш небяспечныя і ядавітыя віды.
Таксама разам з пацяпленнем пашыраюцца арэалы пражывання тых жа камароў. Напрыклад, такіх, якія пераносяць нетыповыя для нас захворванні як ліхаманка Заходняга Ніла. З’яўляюцца такія рэчы, якія многія бачылі толькі ў фільмах, накшталт філярыёзу, які выклікаюць круглыя чэрві. На Гомельшчыне былі зафіксаваныя некалькі выпадкаў, калі ў людзей з-пад скуры выцягвалі такіх паразітаў-чарвей, пераносчыкамі якіх з’яўляюцца камары. І я думаю, што вам не трэба тлумачыць, што такое гнус і Гомельшчына.
Забытыя хваробы, забытыя паразіты – самая галоўная небяспека.

ПАЦЯПЛЕННЕ – ГЭТА НЕ КУРОРТ І АБРЫКОСЫ, ХОЦЬ ХАЦЕЛАСЯ Б…
Вельмі важна гаварыць пра пагрозы, бо можна сабе думаць, што цяпер персікі і бахчавыя будзем вырошчваць, але за гэтым стаяць больш сур’ёзныя рэчы, гэта не проста цёпла і абрыкосы.
Для ўмоўнага жыхара глабальнае пацяпленне – гэта курорт, Турцыя ў Беларусі. НЕ. Гэта тарнада, гэта шквалы, сухавеі, філярыёзы. Ведаеце, як беларусы прасілі ў Бога стабільнасці, але не ўдакладнілі з якім знакам яна павінна быць. І стала ўсё стабільна кепска.
Самае жахлівае, на мой погляд, што ўсе гэтыя рэчы ігнаруюцца на ўзроўні дзяржавы. Афіцыйныя органы распавядаюць пра зніжэнні ўраджаю і так далей, пра знішчаныя палі, але не прапануюць ніякіх рашэнняў. У іх няма ніякага бачання, яны жывуць сённяшнім днём. У іх няма ні стратэгіі, ні тактыкі. Асноўная тактыка – гэта толькі гаротнае апісання праблем, якія нарабіліся. Тысячы матэрыялаў пра тое, хто вінаваты, ніводнага не бачу матэрыялу пра тое, што рабіць.
Хоць развітыя краіны займаюцца такой праактыўнай абаронай, прагназавальнай, на год, на пяць, на сем… Гэта і ёсць кліматычная адаптацыя. Да 2020 года, калі было супрацоўніцтва з еўрапейскімі інстытутамі, выдзяляліся, хоць і невялікія, грошы на тое, каб Беларусь упісвалася ў агульную сістэму маніторынгу кліматычных змен, сістэму ўпарадкавання, адаптацыі. Цяпер поўны правал.
КАВЫ МОЖА НЕ БЫЦЬ, А РЭПЕЛЕНТ БЫЦЬ АБАВЯЗАНЫ
Што можна зрабіць на ўзроўні звычайных грамадзян, запасацца рэпелентамі, пестыцыдамі, увогуле можна падбаць пра ўласную бяспеку?
Безумоўна, галоўнай тэзай павінна стаць “веды – гэта моц”. У беларусаў ёсць іх веды. Менавіта яны могуць дапамагчы адаптавацца. На тэрыторыі Беларусі складана знайсці эфектыўныя інсектыцыды, але свет актыўна займацца гэтым, распрацоўваюцца біялагічная спосабы барацьбы са шкоднікамі, што мне асабліва падабацца. Бо да “хіміі” шкоднікі досыць хутка адаптуюцца, але не могуць адаптавацца да біялагічных ворагаў.
Будучыня – не хімія, якая прасцей і танней, якая не працуе і фарміруе новыя, адаптаваныя віды шкоднікаў, будучыня – біятэх.
Таму трэба цікавіцца, чытаць, сачыць за інфармацыяй у суседніх краінах. На сёння must-have у кожнай сям’і павінен быць рэпелент ДЭТА. Моцны рэпелент. І не толькі Гомельшчыны гэта датычыць, але і агулам усіх. Кожная сям’я павінна мець рэпелент, які адпужвае гнус, камароў, кляшчоў. Агароднікі, дачнікі, павінны сачыць, глядзець, чытаць, што вырошчваюць на тэрыторыях, дзе падобны клімат, як там змагаюцца са шкоднікамі, якія там шкоднікі. Такой інфармацыі цяпер вельмі шмат у інтэрнэце. Было б жаданне. І адаптавацца.
Пра падыход “што вырошчвалі дзяды, тое і мы будзе”, усё, пра гэта трэба забываць.
Змяняецца свет, і змяняешся ты з ім. Мая маці вельмі творча падыходзіла да гэтага, адкрыта. Прывозіш ёй батат, яна садзіць і пазней дае справаздачу, ці расце, ці добра вырасла і так далей. Ці арахіс, ці яшчэ нешта.
Кожны хто любіць гэтую справу агародную, любіць калупацца на лецішчы, павінен браць на ўзбраенне такі падыход, быць адкрытым на новае. Не тое, што тут 300 гадоў бульбу вырошчвалі, і я буду вырошчваць, хай гэта бульба дробная як арэхі расце.
Адсутнасць адкрытасці – праблема глабальная ў беларускім грамадстве.
Аўтар: Мова Гомель