Рускі дом адпраўляе новую партыю дзяцей у “Артэк”

“Рускі мір” не адпачывае нават ў вакацыі: сустрэча пад назвай “Здравствуй, Россия!” адбылася ў Гомелі.

 

Фота: тг-каналу Рускі дом у Гомелі

 

Арганізатарам выступіў Рускі дом, пра які “Штодзень” пісаў не аднойчы. На мерапрыемства запрасілі непаўналетніх, што паедуць адпачываць у анексаваны Крым, у лагер “Артэк”, і іх бацькоў.

Абмяркоўвалі не толькі арганізацыйныя моманты адпачынку і праграму знаходжання ў лагеры, але і розныя праекты “Рассупрацоўніцтва” – ініцыятара праграмы – у якіх могуць удзельнічаць беларускія дзеці.

Мерапрыемства падаецца як “цёплая і натхняльная сустрэча”, аднак за фасадам сяброўскіх усмешак хаваецца куды больш глыбокі і трывожны працэс – мэтанакіраваная русіфікацыя і ідэалагічная апрацоўка маладога пакалення беларусаў.

У той час, як родная мова і культура ў Беларусі знаходзяцца пад пастаянным ціскам, а беларускія школы і культурныя ініцыятывы выцясняюцца ці знішчаюцца, дзяржава-агрэсар працягвае наступ праз “мяккую сілу” – лагеры, культурныя праграмы і “брацкія” праекты. “Артэк”, які ў савецкія часы быў інструментам ідэалагічнага ўплыву, і сёння працягвае сваю функцыю. Такім чынам у дзяцей фарміруецца пазітыўны вобраз Расіі як сяброўскай краіны з глыбокімі культурнымі і моўнымі традыцыямі. Падлеткі трапляюць у інфармацыйнае асяроддзе, дзе не існуе месца для беларускай ідэнтычнасці.

“Рассупрацоўніцтва” – дзяржаўная структура РФ, якая займаецца пашырэннем расійскага ўплыву за мяжой. Паездкі ў крымскі “Артэк” – не проста культурны абмен, а частка сістэмнай палітыкі Крамля па ператварэнні беларусаў у лаяльных, рускамоўных грамадзян без нацыянальнай ідэнтычнасці.

Штодзень

Слайдар пастоў