Сёння стала вядома пра аварыю ў Рэчыцкім раёне пасля наезду на дзікага звера. У выніку пацярпела пасажырка, а дзік, які выбег на дарогу, загінуў. За апошнія тры месяцы ў Гомельскай вобласці паведамлялася пра мінімум пяць падобных ДТЗ, “Штодзень” паспрабаваў разабрацца, ці быў шанец іх пазбегнуць.
Пяць аварый з дзікімі звярамі за тры месяцы
У кастрычніку ў Калінкавіцкім раёне пасля наезду машыны на лася пасажыр загінуў, а кіроўца машыны быў шпіталізаваны. Загінула і сама жывёла. За верасень вядома пра тры ДТЗ у Светлагорскім і Калінкавіцкім раёне. Як мінімум два чалавекі пацярпелі, ласі і алень загінулі.
Што можна зрабіць
Каб забяспечыць сябе ежай, значнай колькасці жывёл даводзіцца перамяшчацца па вялікай тэрыторыі. Паколькі пракладзеныя чалавекам магістралі перасякаюць звыклы арэал міграцыі, лясныя жыхары вымушаны іх пераходзіць. Гэта прыводзіць да дарожна-транспартных здарэнняў, наступствы чаго для жывёлы, як правіла, самыя сур’ёзныя (для кіроўцы і пасажыраў звычайна, на шчасце, гэта не настолькі трагічна).
У ЗША такім чынам штогод гіне больш за 1,5 млн асобін, на тэрыторыі Еўразвязу – каля 1 млн. У Беларусі ў 2022 годзе было афіцыйна зафіксавана каля 3 000 смяротных для жывёл ДТЗ (пры тым, што непаляўнічыя і дробныя жывёлы, кшталту вожыкаў, у гэтую статыстыку не трапляюць).
Сеткі, замацаваныя ўздоўж дарог, зніжаюць аварыйнасць, але перашкаджаюць жывёлам весці звыклы лад жыцця. Нівеліраваць гэтую праблему дазваляюць экадукі (ад лац. duco – вяду) – масты ці тунэлі, якія дазваляць перасекчы магістраль, чыгунку ці іншыя небяспечныя для жывёл кавалкі міграцыйнага шляху.
Першыя “жывёлаправоды” – масты для таго, каб звяры маглі перахадзіць дарогу бяспечна – пабудавалі ва Францыі яшчэ ў сярэдзіне ХХ ст. Хутка з’явіліся яны ў Нідэрландах, Германіі, Швейцарыі, а затым гэтая практыка распаўсюдзілася па ўсім свеце. Экадукі ладзяць як для буйных (мядзведзяў, ласёў, дзікоў), так і для зусім маленькіх прадстаўнікоў фаўны (амфібій ці павукоў).

Экадук у Германіі. Фота: idahowildlife.org
Сёння ў Польшчы, напрыклад, экадукі – гэта ўжо звыклая частка ландшафту для кіроўцаў на трасе. Падаецца, што іх амаль так жа шмат як звычайных мастоў для людзей. Адрозніваюцца збудаванні для звяроў тым, што замест парэнчаў там імітацыя дзікай прыроды.
Ці робіцца нешта ў Беларусі
На тэрыторыі былога СССР такіх мастоў зусім не было. Але ў 2006 годзе быў пабудаваны першы экадук для земнаводных у Беларусі. Ён знаходзіцца на 122-м кіламетры трасы Мінск-Віцебск (тэрыторыя Бярэзінскага біясфернага запаведніка).
З больш буйнымі жывёламі разабрацца вырашалі яшчэ пазней. У 2013 годзе наша краіна далучылася да ўдзелу ў створанай і фінансаванай ЕС праграме “Ізумрудная сетка” – адзінай экалагічнай сетцы прыродаахоўных тэрыторый. Нарматыўны дакумент, які зацвердзіў Схему нацыянальнай экалагічнай сеткі, быў падпісаны толькі ў 2018 (для параўнання, у Нідэрландах у той жа час налічвалася каля 600 пераходаў для жывёл). І ў гэтым жа годзе на кавалку трасы М6 Мінск-Гродна быў пабудаваны першы беларускі падземны экадук.
Тунэль, пакрыты гафрыраваным металам, шырынёю 4,5 м і даўжынёю каля 40 м каштаваў каля 600 000 бел. руб. З аднаго боку, ягоная пабудова стала вялікім крокам у бок экалагічнасці і дбайнага стаўлення да прыроды. Але да якасці самой канструкцыі ў эколагаў узнікла шмат пытанняў. Асноўная прэтэнзія – ненатуральнасць канструкцыі.
Эфектыўней надземныя пераходы, але яны каштуюць даражэй.
У 2023 годзе на трасе М-10 “Гомель-Кобрын” анансавалі такі першы ў Беларусі. Але па сутнасці з’явіўся спецыяльны пераход па зямлі. У межах праекта ўзвялі ахоўны плот даўжынёй 2,6 км, два ўчасткі дарогі шырынёй 10 м з шурпатым пакрыццём – да і пасля пераходу (каб утрымліваць капытных у пераходзе), паставілі вулічнае асвятленне з абодвух бакоў пераходу і разумную сістэму распазнавання выхаду жывёл на праезную частку
Разумная сістэма распазнае дзікіх звяроў і ўключае адмысловае асвятленне для калі яны пакідаюць зону кантролю, святлодыёдныя знакі і вулічнае асвятленне адключаюцца да наступнага яе з’яўлення. Падобныя наземныя пераходы выкарыстоўваюць у Эстоніі і Літве.
Але надземных пераходаў для буйных жывёлаў у Беларусі да гэтага часу няма. Хутчэй за ўсё, праз іх высокі кошт – некалькі мільёнаў еўра.
Па стане на 2023 год эксперты налічылі каля 200 участкаў дарог у краіне з найбольш актыўным рухам дзікіх звяроў і ўсяго 12 спецыяльных пераходаў. І нават тыя, што ёсць, не ўсе працуюць: для гэтага трэба і сетка ўздоўж астатняй часткі дарогі (а яны ўсталяваныя далеёка не паўсюдна), і прыманкі для жывёлаў, каб яны карысталіся створаных для іх тунэлямі.
У гэтых умовах і адбываюцца ДТЗ. Гэта тая сітуацыя, калі ў чарговы раз дзяржава эканоміць на прыродзе, а церпяць не толькі ласі і алені, але і яе грамадзяне.



