Калі адсачыць прафесійныя біяграфіі Аляксандра Верамеева, які цяпер будзе кіраваць Мазырскім раёнам, і Руслана Пархамовіча, якога Лукашэнка паставіў намеснікам у Гомелі, можа падасца, што яны клоны. Абодва прайшлі з нізоў да кіраўнікоў сельгаспрадпрыемстваў, абодва адносна маладыя для лукашэнкаўскіх чыноўнікаў, абодва гаспадарнікі і планамерна ідуць уверх па кар’ернай лесвіцы. Жыхары раёна чакаюць ад новага кіраўніка рамонту дарогаў, а ягоная папярэдніца ў развітальнай прамове падзякавала сілавікам і за адстаўку.
Што адбылося
Аляксандр Лукашэнка перавёў Аляксандра Верамеева на кіраўніцтва Мазырскага раёна з Петрыкаўскага. Гэта сапраўднае падвышэнне, якое бачнае нават па памерах рэгіёнаў: у Петрыкаўскім жывуць 24 199, у Мазырскім – 125 375 чалавек – не кажучы ўжо пра прамысловасць.
Алену Паўлечку, якая адпрацавала на сваім месцы 10 год, папрасілі з пасады ў Год жанчыны
Папярэдніца Верамеева Алена Паўлечка адпрацавала кіраўніцай рэгіёна дзесяць год. І толькі лянівы не заўважыў, што Лукашэнка звольніў яе ў абвешчаны ім жа год жанчыны. Паўлечку хвалілі, назвалі “Паспяховым кіраўніком”, а раён пры ёй занеслі на Рэспубліканскую дошку гонару (што б гэта ні значыла на практыцы).
На развітанне экс-кіраўніцы рэгіёна уручылі грамату за значны ўнёсак у сацыяльна-эканамічнае развіццё раёна і карціну на развітанне. Яна сама падзякі пачала з сілавога блока, “які забяспечвае нашу бяспеку, гэта вельмі важна” і дайшла да свайго пераемніка: “Мазыршчыне пашанцавала, што прыйшоў кіраўнік, які прайшоў шлях сельгасніка і які ведае, што павінны працаваць 365 дзён у годзе, каб дасягнуць паказчыкаў”, – лічыць яна.
Былая кіраўніца раёна падзякавала кіраўніка вобласці і Лукашэнку, што ў “далі у год беларускай жанчыны пакарыстацца адстаўкай”, кажа, што “трэба часовы адпачынак”.
Верамееў: што пра яго вядома
Аляксандр Верамееў – ураджэнец Петрыкаўскага раёна. Да таго, як яго ў 2024 годзе на полі знайшоў Аляксандр Лукашэнка і прызначыў кіраваць рэгіёнам, ён быў дырэктарам “Палессе-Аграінвест”. Кажуць, што стартаваў з загадчыка гаража.
Верамееў стартануў у “палітыку” з балатавання ў петрыкаўскі раённы савет дэпутатаў. Пра што цяпер чамусьці не згадвае.
“Усё маё працоўнае жыццё аддадзена сельскагаспадарчай галіне, таму першачарговай задачай для мяне як кіраўніка і дэпутата з’яўляецца вырашэнне пытанняў, накіраваных на паляпшэнне якасці жыцця працаўнікоў сяла, стварэнне ўмоў для іх працы, каб за сваю цяжкую працу яны атрымлівалі годны заробак і мелі дастойны ўзровень жыцця. Я — за рэальную сацыяльную абарону, стабільнасць і ўпэўненасць у заўтрашнім дні”, – казаў ён тады.
Сярод абяцанняў як дэпутата была якасная адукацыя моладзі, высокі заробак кваліфікаваным працаўнікам і прымяненне інтэнсіўных тэхналогій сельскагаспадарчай вытворчасці. Не памылімся, калі скажам, што нічога з гэтага не было выканана.
Гаворачы ў 2024 годзе пра тое, што з’яўляецца ключавым у рабоце кожнага, усіх калектываў, тады новы кіраўнік Петрыкаўскага раёна назваў: “Найперш важная працоўная і вытворчая дысцыпліна ва ўсіх напрамках – сацыяльная сфера, сельская гаспадарка, прамысловая вытворчасць”.
“Прэзідэнт расставіў прыярытэты і задачы. Будзем іх выконваць і да гэтага ісці цвёрдымі ўпэўненымі крокамі”, – запэўніваў два гады таму Аляксандр Верамееў.
Цяпер жа ён абяцае працаваць на карысць Мазырскага раёна.
Што кажуць жыхары Мазырскага раёна
Пра былую
Пра мінулую кіраўніцу Мазырскага раёну жыхары выказваюцца са скептыцызмам. А таго, хто яе абараняў і крытыку называў псіхалагічнымі аперацыямі, адразу ж прылічылі да чыноўнікаў.
“Горад знаходзіцца ў відавочным заняпадзе апошнія 10 гадоў: ні нармальнага парку, ні ўтульнага сквера, толькі наляпілі гандлёвых цэнтраў-каробак”, – кажа А.Т.
“Даўно ўжо не жыву ў Мазыры, але часта прыязджаю, і, шчыра кажучы, асаблівага развіцця горада гадоў 10 не відаць — толькі гандлёвыя цэнтры і развіваліся. У горада ёсць цудоўныя мясціны, якія можна выкарыстаць для развіцця, адна толькі набярэжная чаго вартая”, – лічыць М.
“А парэзаны па-жывому расклад гарадскіх аўтобусаў? А бесталковая, хоць і чыстая, Прымоставая? Гандлёвых цэнтраў процьма, а дзіцячая паліклініка задыхаецца ад цеснаты, ды мала яшчэ чаго”, – дадае І.
“Узгадваецца, калі на гарадскіх дарогах з цалкам разбураным пакрыццём невядома навошта ляпілі «астраўкі бяспекі», якія тую самую бяспеку і разбурылі. Я вам гэта як вадзіцель са стажам кажу. Грошай на новы асфальт, відаць, не было. А на «надзвычай неабходныя» астраўкі аднекуль знайшліся. Л! Логіка!” – дадала Л.С.
Абаронца Дз. пералічыў дасягненні: “За 10 гадоў пабудаваны мікрараён вакол СШ №15, два дзіцячыя садкі, плюс 7 дамоў у Бабрах, плюс 3 дамы на Інтэры — добраўпарадкаваная дарога да дзіцячай бальніцы. Пашыраныя вуліцы Рыжкова, Ульянаўская, працягнутая вуліца Нафтабудаўнікоў… Але вось з паркам не дагадзілі: аднаму скейт-пляцоўка — гэта выдатна, а другому хочацца цішыні — і ўсё, каравул, застой у горадзе! Хаця навошта гэта я тлумачу цыпсаце… У іх у метадычках свае тэзісы — не саб’еш”.
В. адзначыў, што “кляймо «ЦІПСА» ставяць адразу — ясна, з якіх гарадскіх устаноў гэтыя супрацоўнікі”. У адказ Дз, абвінаваціў суразмоўцаў у некампетэнтасці і чамусьці дадаў: “Поспехаў вам і каб вас не абстралялі”.
Чаго чакаюць ад новага
“Станеш найлепшым, калі адрамантуеш дарогі!!!” – напісаў С.В. Ён патлумачыў свой заклік да Вераемеева: “Іншых пытанняў шмат, але пасля цяжкага працоўнага дня хочацца па-чалавечы даехаць дадому, а не пятляць як заяц і не скакаць па ямах. Жыхары Зарэчнага зразумеюць”. З ім згаджаецца Я.С.: “І на Пхове таксама дарогі жахлівыя((”
“Ды дарогі ў Петрыкаве пры яго кіраўніцтве ўвогуле не рамантаваліся, толькі ў цэнтры горада. Спадзяюся, у Мазыры ён так кіраваць не будзе”, – адзначае Д.
“А вось тое, што новы можа зрабіць адносна лёгка, — адмяніць поўнае выключэнне ліхтароў а першай ночы. Калінкавічы нармальна асветленыя ўсю ноч, прынамсі цэнтральныя вуліцы. Да нас уязджаеш уначы — як на хутар. Еду па горадзе з дальнім святлом, каб, не дай бог, не злавіць на капот нейкага пешахода. Перакрыжаванні і пераходы не асветленыя. Гэта ж суцэльны… (слова кожны сам падбярэ)”, – піша А.
П. згаджаецца: “Гэта сапраўды нязручна! Я сама неяк ехала ўначы з сяброўкай, дык на адным з пераходаў ледзь не прапусціла пешахода — проста не ўбачыла яго. Асвятленне дакладна варта перагледзець, асабліва ў цэнтры”.
З іншых пажаданняў “звярнуць увагу на ЖКГ” і “азеляненне горада”, “для стаматалогіі і ўрачоў вузкіх спецыяльнасцяў закупіць рэнтгенаўскі апарат”.
Чытаць па тэме:
Наколькі дорага жыць у сталіцы Палесся
Чаму Гомель і гарады Гомельшчыны прайграюць у рэйтынгу
У Мазыры баяцца незадаволенасці гараджан