Бібліятэкары Ноўгарад-Северскага просяць чытачоў ахвяраваць кнігі. Пасля расійскага абстрэлу не толькі пацярпела памяшканне, але і згарэў увесь фонд.
“Шмат выданняў згарэлі або былі знішчаныя падчас тушэння. Нягледзячы на гэта, бібліятэка не спыніла існавання — яна працягвае працаваць у іншым памяшканні”, – паведамляюць у “Чернігівщина: події і коментарі”
Бібліятэцы патрэбныя кнігі на ўкраінскай мове: мастацкая літаратура, для дзяцей і падлеткаў, нонфікш, выданні пра гісторыю і культуру Украіны.
Даслаць кнігі можна на адрас: вул. Князя Ігоря, 34А, м. Новгород-Северскі, Чарнігаўская вобласць, 16000. Кантакт: ms_biblioteka@ukr.net
У ноч на 13 сакавіка расіяне нанеслі ўдар беспілотнікам тыпу «Герань» па цэнтральнай частцы памежнага з Гомельскай вобласцю горада Ноўгарад-Северскі ў Чарнігаўскай вобласці.
Асноўнай мэтай удару стаў гістарычны будынак, дзе размяшчалася гарадская бібліятэка. Па выніку ўдара былі знішчаныя амаль 24 тысячы кнігаў (з 25-тысячнага фонду), страты ў 250 тысячаў грывень. Акрамя таго, былі пашкоджаныя жылыя дамы і адміністрацыйныя будынкі побач. Усяго пашкоджанні атрымалі прыблізна 20 дамоў.
Бібліятэка размяшчалася ў доме купца Ф. Г. Мядзведзева — помніку архітэктуры і горадабудаўніцтва ў Наўгародзе-Северскім. Дом быў пабудаваны ў 1899 годзе або, паводле іншых звестак, у 1902 годзе.
Фота: Суспільне