Раней лічылася, што апошняга ляснога ката ў Беларусі забілі амаль 100 год таму, у 1927-м годзе. Але з 2017 года ён некалькі разоў трапляўся ў фотапасткі. Першы раз у чарнобыльскай зоне, пасля ў нацпарку “Прыпяцкі”. Лёс звера з Лельчыцкага раёну незразумелы, ён быццам бы знік, але перад гэтым патрапіў у капкан у прыватным двары.
Той самы загадкавы драпежнік. Фота: анлайнер
Сярэднееўрапейскі лясны кот нагадвае буйнога свойскага ката. У 2011 годзе эксперты разважалі, ці не вярнуць яго ў лясы Беларусі. Размова ішла пра Чарнобыльскую зону. Аўтары спасылаліся на паспяховую рэпапуляцыю ў Германіі. Але, відавочна, да выканання справа так і не дайшла.
Кот, падобна што, вярнуўся сам. І ягонае вяртанне ў Беларусь усё звязанае з Гомельскай вобласцю. У 2017 годзе лясны кот, як мяркуецца, трапіў на відэа ў Палескім дзяржаўным радыяцыйна-экалагічным запаведніку ў Нараўлянскім раёне, летам 2025-га – ў Жыткавіцкім раёне. Цалкам верагодна, што каты прыйшлі да нас з Карпатаў.
Другая версія, якую агучыла эколаг і экспертка альянсу “Зялёная Беларусь” Інэса Балоціна “Радыё Свабода”: “Хутчэй за ўсё, дзікі кот з Беларусі нікуды не знікаў. Магчыма, ён, вобразна кажучы, адседжваўся ў нейкіх менш закранутых чалавекам мясцінах Беларусі. І чакаў магчымасці, калі зможа зноў распаўсюдзіцца. На Палессі захоўваюцца лясныя масівы. Там маглі сабе жыць некалькі дзясяткаў асобін, паціху размнажаліся, нікуды не выходзілі”.
У Лельчыцкім раёне ката ў сакавіку злавілі на «гарачым», ён залез у куратнік і забіў шэсць курэй. На жаль, жывёлу злавілі ў капкан. Лёс ката таксама невядомы. Ён быццам бы знік, але як можна знікнуць у такой сітуацыі, сказаць цяжка. Відэа, на якім быў бачны кот, ужо схаванае ад публічнага прагляду ці выдаленае.
Падобна, што жывёла была траўмаваная, магчыма, цяжка. Асацыяцыя зоаабарончых арганізацый звярнулася з заявай у Дзяржаўную інспекцыю аховы жывёльнага і расліннага свету з просьбай правесці праверку. Ставіць капканы так нельга. Плюс лясны кот хоць і не ўключаны ў Чырвоную кнігу, бо лічыўся зніклым, але ён рэдкі прадстаўнік фаўны. Калі чыноўнікі падтрымаюць асацыяцыю, будуць шукаць гаспадароў двара і самога звера ці ягоныя парэшткі.
Інэса Балоціна не выключае, што да знікнення маюць адносіны самі чыноўнікі: гэта новы від, што з ім рабіць? Няма ката, няма і праблемы.