Пакуль што ёсць толькі трэйлер новага “дакументальнага фільма”. І ўжо па ягонай назве “Чарнобыль. Жывая зямля” можна здагадацца пра асноўную тэму: як “паспяхова” аднаўляюць пацярпелыя ад радыяцыі землі.
Трэйлер стартуе са стылізацыі пад савецкую агучку і архіўных кадраў: “Аварыя на Чарнобыльскай атамнай станцыі стала найбуйнейшай тэхнагеннай катастрофай”.
На гэтай фразе і 10 секундах з 20 хоць мінімальна цікавае ў роліку сканчаецца. У кадры з’яўляюцца сучасныя чыноўнікі. Як іх завуць? Няважна. Важныя вырваныя з кантэксту кароткія фразы: “Дзяржава не кінула гэтыя землі. Укладае сур’ёзныя рэсурсы”, “пацярпелыя тэрыторыі зноў вяртаюцца да жыцця”.
“Гэта не проста гісторыя. Гэта пра гонар, адвагу і самаадданасць”, – далучаецца маладая міліцыянтка.
Усё гэта суправаджаецца гераічнай музыкай і кадрамі беларускіх гарадоў, палямі з пшаніцай, камбайнаў “Гомсельмаш” і прыроды.
Што паказвае гэты трэйлер? Дзяржава не гатовая да разумення трагедыі, якая адбылася 40 год таму, яна не гатовая прызнаць памылку савецкіх уладаў, спадкаемцай якіх яўна з’яўляецца. Яна гатовая выкарыстаць змены, якія адбыліся з Беларуссю за 40 год для прапаганды “сваіх дасягненняў” па “вяртанні” чарнобыльскіх земляў.
Асобная тэма само гэтае вяртанне. Пра скарачэнне колькасці беларускіх земляў, забруджаных радыяцыяй прадстаўнікі ўладаў, заяўлялі не раз. Штодзень даведваўся, наколькі гэта адпавядае рэчаіснасці ў радыяцыйнага хіміка Сяргея Бесараба.
Акрамя таго, эксперт раскрытыкаваў пачатак сельскагаспадарчых працаў на забруджаных тэрыторыях: “Калі яны пачнуць апрацоўваць, араць гэтыя землі, то тое, што зафіксавалася на глыбіні 10-15 сантыметраў у нейкай лугавой расліннасці, падымуць наверх. І тады ўжо гэтыя мабільныя формы радыенуклідаў з прадуктамі пойдуць да людзей”.
З моманту выпуску фільм “Чарнобыль” HBO беларускія ўлады пакутавалі, што тэму ў іх забралі і паказалі востра. Дык вось трэйлер новай “дакументалкі” цудоўна дэманструе, што “нацыянальны фільм” па гэтай тэме глядзець не варта. Хіба што гледачы шукаюць месца для таго, каб паспаць і не маюць магчымасці адмовіцца.