Апошнія паведамленні пра тое, што беларуска-польская мяжа будзе закрытая ў ноч з 11 на 12 верасня ў сувязі з вучэннямі Запад-2025, выклікалі актыўнае абмеркаванне ў сацсетках.
“Да супакойцеся, афіцыйнай інфармацыі пакуль няма”, — піша адзін з карыстальнікаў. Ён нагадвае, што ўжо была падобная гісторыя: “Паднялі кіпіш праз вучэнні, што ўсё закрыецца — усё закрыецца. Узмоцненая перазменка прайшла і ўсё працягвала працаваць”.
Іншыя беларусы ўжо шукаюць магчымасці мінімізаваць страты: “Вадзіцелям нашага аўтобуса толькі што пазванілі з офіса і сказалі пра закрыццё мяжы ў ноч на 12.09”, — распавядае адзін з карыстальнікаў.
Многія карыстальнікі раяць: “Пакупайце квіткі праз Літву ці Калінінград, пакуль яны ёсць. Час ёсць, каб мінімізаваць страты”. Іншыя нават жартуюць: “Можна ляцець кругамі праз Баку, Ераван, Стамбул і г.д.”
9 верасня прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск падчас пасяджэння ўраду паведаміў, што з меркаванняў бяспекі дзяржавы пераходы мяжы з Беларуссю будуць зачынены ў ноч з чацвярга на пятніцу, з 11 на 12 верасня. Гэтае рашэнне звязана з планаванымі вучэннямі Запад-2025 — сумеснымі ваеннымі манеўрамі Расіі і Беларусі.
Штодзень
Фота: PAP/Marcin Bielecki