Інфармацыю пра тое, што рэжым Лукашэнкі прапануе дамовіцца пра абмен затрыманай ва Украіне па падазрэнні ў шпіянажы Іны Кардаш, распаўсюдзіў Багдан Ахрыменка з украінскага Каардынацыйнага штаба па пытаннях абыходжання з ваеннапалоннымі. У сваю чаргу гомелец, часова выконваючы абавязкі камандзіра ўзвода кіравання НРК (наземных робатызаваных комплексаў), Андрэй Кушняроў нагадаў пра тое, што “зараз у беларускай турме знаходзіцца” яго пабрацім — “беларускі добраахвотнік, які ваяваў за Украіну, — Васіль Верамейчык”.
Андрэй Кушняроў
“Ва Украіне Васіль быў паранены і ўзнагароджаны медалём «Украіна — перш за ўсё!». У Беларусі яго асудзілі да 13 гадоў пазбаўлення волі. Фактычна — за службу ў УСУ. Прапанова даволі відавочная: паспрабаваць абмяняць Верамейчыка на Кардаш”, – піша Кушняроў.
Але пры гэтым ён лічыць, што “ўкраінскаму боку… як бы гэта мякчэй сказаць — няма асаблівай справы да Верамейчыка” і просіць паўплываць на рашэнне распаўсюдам інфармацыі.
“Усе пасажы на тэму «такія справы патрабуюць цішыні» мы ўжо шмат разоў чулі. Гэта поўная блытаніна, і вынік заўсёды нулявы. Наадварот, толькі публічная ўвага да тэмы прымушае механізм рэагаваць. Што ў дэмакратычным грамадстве, дарэчы, цалкам нармальна”, – перакананы Андрэй Кушняроў.
У студзені стала вядома пра затрыманне СБУ ў Кіеве беларускай журналісткі Іны Кардаш. Яе абвінавачваюць у шпіянажы на карысць афіцыйнага Мінска, які цягнуўся больш за 10 год. Яна была на пахаванні бацькоў Міхася Жызнеўскага і акцыях апазіцыі ў Мінску.
Чытаць па тэме:
Кушняроў: «Вайна ва Украіне – шанс на вызваленне Беларусі з-пад імперскага ўплыву»
Ахвяра сілавікоў Марыя Зайцава: «У мяне гематома ў мозгу засталася з таго часу»