Блогер з Гомельшчыны Андрэй Павук паведаміў пра закрыццё свайго шматгадовага праекта “Рудабельская паказуха”.

Блогер Андрэй Павук
На YouTube-канале з’явілася 10-секунднае відэа з надпісам: “Праект закрыты да лепшых часоў у Беларусі”. У апісанні Павук пакінуў яшчэ карацейшае паведамленне: “Мы ўсё”.

“Рудабельская паказуха” была створаная ў 2011 годзе, а актыўна развівалася з 2013-га. Першапачаткова Павук распавядаў пра жыццё Акцябрскага (Рудабелкі) на Гомельшчыне, высмейваў мясцовую паказуху і чыноўніцкі абсурд.
Пазней адным з самых вядомых фарматаў канала сталі тэлефанаванні беларускім чыноўнікам. Павук прадстаўляўся рознымі асобамі і фактычна выводзіў прадстаўнікоў сістэмы на чыстую ваду. Папулярнасцю карысталіся і яго супольныя сатырычныя відэа і песні з опернай спявачкай Маргарытай Ляўчук.

Пасля падзей 2020 года сям’я Павукоў праз палітычны пераслед была вымушаная пераехаць у Літву. 17 траўня 2023 года ўлады Беларусі прызналі “Рудабельскую паказуху” “экстрэмісцкім фармаваннем”.
На момант закрыцця YouTube-канал меў 54,1 тысячы падпісчыкаў, 3844 відэа і больш за 43,8 мільёна праглядаў.
Прычыны закрыцця праекта Андрэй Павук пакуль падрабязна не патлумачыў.