Навіны горада

«Адказныя задачы ў дзень вясновага раўнадзенства»: у Акцябрскім асвяцілі насенне, у царкве выступіла чыноўніца

Калі змяшаць разам праваслаўе, забабоны і савецкую ўладу, атрымаецца абрад, які прайшоў у Акцябрскім. У мясцовай царкве асвяцілі насенне, удзельнічалі ў гэтым кіраўнікі сельгасарганізацый і чыноўнікі, перад імі выступіла кіраўніца раёна.
Старшыня райвыканкама Ірына Намочанка, па звестках мясцовай раёнкі, нагадала, што ў «дзень вясновага раўнадзенства, калі вясна ўступае ў свае правы, перад кіраўнікамі гаспадарак, старшынямі сельскіх Саветаў стаяць адказныя задачы».

«Нам неабходна пасеяць каля 2 тысяч гектараў збожжавых і больш за 8 тысяч гектараў кукурузы. Гэта вялікі аб’ём працы, і ад усіх нас вельмі шмат залежыць. Сёння мы просім Божага Дабраславення, каб мы здолелі згуртавацца, згуртавалі свае калектывы і наладзілі на годны вынік», – абвясціла ў царкве Намочанка.

Айцец Герасім у сваю чаргу правёў літургію і настроіў работнікаў аграпрамысловага комплексу на плённую працу.

Насенне кіраўніца райвыканкама раздала ўсім кіраўнікам сельскагаспадарчых арганізацый. Яна спадзяецца, што ў гэтым годзе «землі Акцябршчыны» прынясуць багаты ўраджай.

Штодзень