“Что минский архитектор может написать про наш дворец?!” Павучальная гісторыя правінцыйнага б…ва

by ZB

Некалькі месяцаў таму памёр Валерый Францавіч Марозаў – доктар архітэктуры, галоўны спецыяліст па архітэктуры класіцызму Беларусі. Гэты чалавек таксама ўнёс велізарны ўнёсак у даследаванне гісторыі і архітэктуры нашага горада. Ён з’яўляецца аўтарам кнігі “Гомель классический. Эпоха. Меценаты. Архитектура.” (Мінск, 1997). Значэнне гэтай кнігі нельга пераацаніць: чалавек, які яе не чытаў, проста не мае права нават разважаць пра гісторыю Гомеля перыяду Расейскай імперыі (канца ХVIII – пачатку ХХ ст.). Незадоўга да свайго сыходу ў лепшы свет Валерый Францавіч падзяліўся падрабязнасцямі пра з’яўленне гэтай кнігі. У выніку атрымалася гісторыя цікавая, недзе смешная і вельмі паказальная.

Валерый Францавіч Марозаў. Фота: БНТУ

В.Ф. Марозаў нарадзіўся ў 1947 г. у Мінску. У 1971 годзе ён скончыў Беларускі політэхнічны інстытут, дзе праз некалькі год пачаў працаваць выкладчыкам, а з 2000 г. і амаль да канца 2023 г. загадчыкам кафедры тэорыі і гісторыі архітэктуры. У 1988 г. ён абараніў кандыдацкую дысертацыю, а ў 2002 г. доктарскую дысертацыю. Аўтар больш за 150 навуковых артыкулаў і 8 манаграфій.

Яшчэ падчас падрыхтоўкі да абароны кандыдацкай дысертацыі В.Ф. Марозаў сабраў вялікую колькасць матэрыялаў у архівах Мінска, Масквы, Пецярбурга, Варшавы і іншых гарадоў пра архітэктуру Гомеля перыяду класіцызму, абсалютна ў Беларусі невядомых. Таму ён вырашыў, што з гэтымі матэрыяламі трэба нешта рабіць, неяк выдаваць іх у свет. На той час самай галоўнай кнігай па гісторыі беларускай архітэктуры была кніга У.А. Чантурыі “История архитектуры Белоруссии. Дооктябрьский период”, выдадзеная ў 1969 г., у ёй жа былі, відаць, і самыя поўныя даступныя звычайнаму гомельцу звесткі пра архітэктуру гомельскага палаца. І ўсё.

У выніку ў 1991 г. з’явілася невялікая брашурка прыблізна фармату А6 аўтарства В.Ф. Марозава пра гісторыю будаўніцтва і архітэктуру гомельскага палаца Румянцавых-Паскевічаў. Аднак увогуле матэрыялу было назапашана значна больш, чым тая брашурка, трэба было рабіць паўнавартасную кнігу. У выніку з’явіўся рукапіс вядомай нам кнігі “Гомель классический”. Паўстала пытанне аб друку, а гэта была сярэдзіна 1990-х гг., калі эканоміка перабудоўвалася на новыя рынкавыя рэйкі, таму на выданне паўнавартаснай кнігі па гісторыі Гомеля грошай у выдавецтваў нідзе не было. Адзіны шанец выдаць такую кнігу гэта зацікавіць кагосьці з мясцовых уладаў Гомеля.

З гэтай мэтай В.Ф. Марозаў прыехаў у Гомельскі аблвыканкам, дзе трапіў на прыём да намесніка старшыні аблвыканкама. На жаль, на момант размовы Валерый Францавіч не змог сходу прыгадаць яго прозвішча, але мяркуючы па выказанай удзячнасці ва ўступнай частцы ўзгаданай кнігі, гэта быў А.М. Ярчак. Навуковец прадставіўся, распавёў пра сваю працу і мэту візіту, паказаў рукапіс, коратка распавёў пра змест. Пагадзіліся, што справа вартая, але перш чым дамаўляцца пра выдзяленне грошай на друк кнігі трэба падрабязней азнаёміцца з матэрыялам. Таму аўтар пакінуў намесніку старшыні аблвыканкама для азнаямлення тэчку з рукапісам сваёй кнігі, дамовіліся на наступны візіт праз некалькі тыдняў.

Прыкладна праз месяц аўтар зноў прыехаў да згаданага абласнога кіраўніка. Той распавёў, што з вялікай цікавасцю азнаёміўся з рукапісам кнігі і для Гомеля яна проста ўнікальная, яе, безумоўна, трэба выдаваць. “Але ты ж разумееш, я ж не магу прыняць аднаасобна такое рашэнне. У нас ёсць тут гістарычны савет пры аблвыканкаме, па працэдуры трэба, каб гэтае рашэнне прайшло ўзгадненне савета”. На тым і пагадзіліся, што рукапіс кнігі з усімі ілюстрацыямі будзе прадстаўлены таксама на азнаямленне ўдзельнікам гэтага гістарычнага савету, а ў прызначаны час аўтар прыедзе на яго пасяджэнне і асабіста адкажа на ўсе пытанні ўдзельнікаў савета.

Прайшло яшчэ некалькі месяцаў, урэшце дамовіліся, калі збярэцца гэты савет па кнізе. І ў прызначаны дзень аўтар прыехаў у Гомель.

Аб тым, як разгортваліся наступныя падзеі, Валерый Францавіч распавёў так: “Я прыехаў у Гомель, прыйшоў у прызначаны кабінет. Па перыметры стала сядзелі ўдзельнікі гэтага гістарычнага савету, чалавек шэсць ці сем. У цэнтры пустога стала сіратліва ляжала завязаная вяровачкамі тэчка з маім рукапісам. На маё няшчасце, намесніка кудысьці выклікалі на нейкае пасяджэнне і ён мусіў збягаць. Ён хуценька мяне прадставіў, сказаў, што аўтар зараз адкажа на ўсе пытанні, а ён хутка вернецца і далучыцца. І знік. У кабінеце павісла цішыня. Я вырашыў пачаць сам і стаў расказваць пра сваю кнігу. Але размова не задалася, пачаліся незадаволеныя пытанні, удзельнікі савета былі настроены вельмі скептычна, нават варожа. У нейкі момант па пытаннях, якія задаваліся, я зразумеў, што ніхто з іх увогуле нават не чытаў мой рукапіс, які мы зараз горача абмяркоўваем. Ведаеш, якая галоўная прэтэнзія была да мяне і маёй працы падчас той спрэчкі? – “Ну что этот минский архитектор может написать нового про наш дворец?” Я зразумеў, што згоды савета не будзе і ўрэшце рэшт перастаў спрачацца. Недзе праз гадзіну вярнуўся гаспадар кабінета, ён радасна зайшоў і запытаў: “Ну як тут у вас справы? Што вырашылі?” Я паспрабаваў нешта сказаць, але ён прафесіянал і імгненна па вачах зразумеў сітуацыю. Таму, не цягнучы час, скамандаваў: “Добра, усе свабодныя, можаце ісці”. А мне, пасля сыходу ўдзельнікаў савета, сказаў: “Не расстройвайся, што-небудзь прыдумаем”. Не ведаю, што і як ён рабіў, але праз некаторы час знайшліся грошы на аплату выдання і кніга выйшла. Мне здаецца, яна някепска атрымалася.

У гэтай гісторыі цудоўна ўсё: і самаахвярнасць аўтара, і наша гомельскае правінцыйнае вузкалобае самадурства, не здольнае бачыць далей свайго носа, і неймаверныя для сучасных гомельскіх чыноўнікаў смеласць і здольнасць браць на сябе адказнасць за вырашэнне нестандартных праблем, звязаных з гісторыяй горада і тратай на яе грошай з мясцовага бюджэту. Гэта гісторыя – проста квінтэсэнцыя менталітэту гомельскага істэблішменту на пэўным этапе развіцця.

Але, на шчасце, кніга выйшла ў 1997 г. і стала знакавай падзеяй для нашага горада. І аўтар ведаў гэта. Валерый Францавіч распавядаў так: “Ты ведаеш, аднойчы на нейкай канферэнцыі да мяне падышла супрацоўніцтва вашага гомельскага музея Таццяна Літвінава і сказала: “Валерый Францавіч! Дзякуй за Вашу кнігу пра Гомель. Вы, мабыць, не ведаеце, але сваёй кнігай Вы проста вярнулі ўсім гомельцам мінулае іх роднага горада, Вы вярнулі ім разуменне месца гісторыі ў жыцці іх горада і месца іх горада ў гісторыі – Беларусі, Еўропы, еўрапейскага класіцызму. Вялікі дзякуй Вам ад усіх гомельцаў!” Распавядаючы гэта, Валерый Францавіч, відавочна, трохі бянтэжыўся. Але гэтыя словы былі абсалютнай праўдай.

Яшчэ важнай асаблівасцю той кнігі стала ўведзенае ў гомельскі гістарычны дыскурс разумення каштоўнасці і цэласнасці ўсяго горада Гомеля і яго архітэктуры як з’явы, прынамсі, эпохі класіцызму. Да гэтага з такога пункту гледжання ніхто на наш горад не глядзеў. В.Ф. Марозаў на навуковай доказнай базе сфармаваў новы спосаб успрымання і разумення Гомеля.

У час той размовы Валерый Францавіч раскрыў адну з загадак, якая ўжо больш 25 гадоў бянтэжыць гомельскіх гісторыкаў: адкуль на ўпершыню апублікаваным у яго кнізе плане Гомеля 1799 г. узяўся дзіўны надпіс “МО РЕ”, зроблены на плыні Сожа як быццам бы ў стылі дзіцячай размалёўкі?

Кур’ёзны надпіс “МО РЕ” – у левым ніжнім куце. Фота: Пошукі старога Гомеля

“А гэта ўсё тады ж. Як я рыхтаваў кнігу да выдання, дык пайшоў у Нацыянальны гістарычны музей, узяў карту і панёс яе спецыялісту, які зробіць копію. Прыйшоў да яго, аддаў. Той паклаў на стале пад лямпу для капіявання і мы выйшлі з кабінета, ну можа пакурыць ці нешта такое. А ў той дзень гэты спецыяліст чамусьці не мог дома сына малога пакінуць, дык узяў яго з сабой на працу. Ну, пакуль мы там стаялі, дзіця села за стол і пачало дамалёўваць той план, ён жа такі вялікі, каляровы, з малюнкамі. Калі мы вярнуліся сын яго ўжо той план падпісаў. Ну што рабіць, дзіця! Ну я і не стаў ужо выпраўляць той план, так яго і апублікаваў. Кірунак да мора на Сажы, дарэчы, ён правільна пазначыў”, – распавёў пра кур’ёзны выпадак Валерый Марозаў.

Апошнія гады В.Ф. Марозаў займаўся падрыхтоўкай вялікай біяграфічнай працы, нават альбома, пра дзейнасць польскага архітэктара Адама Ідзкоўскага. Таго самага, які ў 1830-1840-х гг. перабудоўваў для князя І. Паскевіча гомельскі палац і стварыў вакол яго знакаміты гомельскі парк. Па задуме Валерыя Францавіча гэта павінна была быць грунтоўная праца пра слыннага архітэктара эпохі рамантызму ХІХ ст., з адлюстраваннем яго шматлікіх праектаў. “Задум шмат, але хоць бы я гэту працу паспеў зрабіць пра гэтага вялікага еўрапейскага архітэктара!” На жаль, не паспеў.

Але нам назаўжды засталася яго цудоўная праца пра велічныя задумы і іх рэалізацыю ў творах шматлікіх архітэктараў, што стваралі наш горад у эпоху класіцызму: “Гомель классический. Эпоха. Меценаты. Архитектура”. Зразумець Гомель без прачытання гэтай кнігі проста немагчыма.

Штодзень

Аўтар: Раман Абуховіч, гісторык

 

 

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png