У Гомелі ў “Рускім доме” прайшла чарговая сустрэча гісторыка-культурнага клуба, прысвечаная ролі казацтва ў гісторыі славянскіх народаў. Гасцей вітаў атаман Гомельскай казачай акругі Сяргей Сянатараў, які распавёў пра “гістарычную місію казакоў” і іх унёсак у “абарону культурнай спадчыны славянскага свету”.
Юрый Глушакоў выступае перад наведнікамі Рускага дому ў Гомелі
Сярод выступоўцаў нечакана быў і гісторык Юрый Глушакоў, які прадставіў даклад пра “6-ю кавалерыйскую казачую Чонгарскую дывізію ў Гомелі: на службе Радзіме і сацыялізму”. У праграме сустрэчы таксама былі віктарына да Дня народнага адзінства РФ і абмеркаванне “захавання гістарычнай праўды” ў кантэксце сучасных падзей, у тым ліку “вядзення Спецыяльнай ваеннай аперацыі”.

Дарэчы, сярод удзельнікаў сустрэчы ў гомельскім Рускім доме была заўважаная таксама правакатарка і сексотка Жанна Пікоўская, паказанні і даносы якой выкарыстоўваліся пры фабрыкаванні крымінальных справаў у дачыненні былых палітвязняў Леаніда Судаленкі і Яўгена Меркіса.

Удзел Глушакова ў такіх імпрэзах выглядае сімвалічна. Яшчэ пятнаццаць гадоў таму ён быў вядомы як анархіст і грамадзянскі актывіст, нават спрабаваў балатавацца ў прэзідэнты на выбарах 2010 года ад Партыі “Зялёныя”. Тады ягоныя публікацыі адрозніваліся крытычнасцю і скепсісам да любой формы ўлады. Але прыблізна ў тым жа годзе, пасля рэпрэсій у дачыненні да актывістаў, Глушакоў раптоўна пачаў змяняць пазіцыю, гаворачы пра патрэбу ў “стабільнасці” і “нацыянальнай згодзе”.
Пасля анексіі Крыма ў 2014 годзе Глушакоў адкрыта падтрымаў дзеянні Расеі, апублікаваўшы шэраг артыкулаў, у якіх распаўсюджвае прарасейскія наратывы.
Дзень Перамогі 2014 года прадстаўнікі Беларускай партыі “Зялёныя” адзначылі асобна ад абласной кааліцыі дэмсілаў. У тлумачэннях свайго дэмаршу Юрый Глушакоў тады паясніў, што мясцовыя дэмакраты нібыта падтрымліваюць “ліберальна-фашыстоўскую кіеўскую хунту”, таму зялёныя вырашылі ад іх дыстанцыявацца.
У чэрвені 2025 года ў Менску прайшоў міжнародны форум “Чырвоная Скіфія”, які аб’яднаў прадстаўнікоў прарасейскіх інтэлектуальных і палітычных колаў — ад еўразійцаў і камуністаў да гісторыкаў і прапагандыстаў “новай ідэалогіі”. Адзін з дакладчыкаў, гомельскі гісторык Юрый Глушакоў, прадставіў ідэю “скіфскага адраджэння” як сімвал духоўнага і палітычнага аб’яднання Расеі і Беларусі ў супрацьстаянні з Захадам. Ён назваў Леніна “вялікім чырвоным скіфам”, звязаў скіфскі міф з камуністычнай рэвалюцыяй і заклікаў “дабівацца міру з пазіцыі сілы”. На думку Глушакова, сучасная “саюзнае дзяржава” павінна ўспрыняць скіфскі дух як адказ на глабальнае спажывецтва і “мяшчанскі заняпад” Захаду. Форум, пазіцыянаваны як “акт гістарычнай пераемнасці”, фактычна ператварыўся ў дэманстрацыю новай ідэалагічнай лаяльнасці пад прыкрыццём культурна-філасофскіх дыскусій.
Юрый Глушакоў – першы ў трэцім шэрагу злева. Фота: Цэнтр Льва Гумілёва
Калі раней Юрый Глушакоў усхваляў палітычную лінію рэжыма, публікаваўся на прарасейскіх рэсурсах кшталту imho.club і СОНАР, то цяпер, як бачым, дакаціўся да супольных з казакамі мерапрыемстваў, на якіх апраўдваецца захопніцкая і крывавая імперыялістычная вайна РФ супраць Украіны.
Фота: РД у Гомелі