Гомельскі ДСК вырашыў здзівіць гараджан і замест шматпавярховіка плануе выставіць на аўкцыён прыватны дом «Шале». Але больш за ўсё здзівяцца тыя, што ведае значэнне гэтага тэрміна.

Фота: airbnb, promo.gdsk.by
Эксперыментальны дом узводзяць на вуліцы Пірагова (Навабеліцкі раён) і плануюць завяршыць напрыканцы восені. Забудоўшчык рэкламуе жыллё як «унікальную прапанову», «дом у стылі шале».

Фота: promo.gdsk.by
Першапачаткова шале называлі невялічкія сельскія хаткі ў Альпах. Пазней гэты тэрмін замацаваўся за прэстыжнымі дамамі адпачынку. Характэрныя рысы традыцыйных шале – масіўныя канструкцыі і выкарыстанне натуральных матэрыялаў (пераважна дрэва і каменю), а таксама адкрытасць навакольнаму асяроддзю.
Традыцыйныя шале. Фота: design.pibig.info, business-swiss.ch, bigfoto.name
Сучасныя шале, канешне, даволі далёкія ад традыцыйных. Але знітаванасць з пейзажам і выкарыстанне дарагіх будаўнічых і аддзелачных матэрыялаў застаюцца нязменным трэндам, бо шале – гэта камфортнае, нават элітнае жыллё.
Сучасныя шале. Фота: archilovers.com, travellingforbusiness.co.uk
Але шале па-гомельскі – гэта навес з полікарбаната, металічныя дзверы як дамінанта і пластыкавыя вокны. Памер акон і іх колькасць ставяць пад сумнеў дастатковасць інсталяцыі памяшканняў. Уражвае розніца паміж жылой (43,09 м2) і нежылой плошчай (93,64 м2).
Фота: belkagomel.by
Будынкі з падобным аздабленнем у Гомлі ўзводзяцца ўжо даўно, незалежна ад таго, рэстаран гэта ці… грамадская прыбіральня. Мабыць, гэты стыль прадвызначыў яшчэ расійскі арыстакрат, бо, як кажа гомельскі мем, «Паскевич знал толк в вещах».
Гомельскія будынкі (рэстаран «Рыўера» і грамадская прыбіральня ў парку). Фота: яндэкс
Як высветлілася, усім знаёмы стыль называецца… шале. Мабыць, праектанты ДСК думаюць, што пакупнікі ашалеюць ад такой прапановы і будынак атрымаецца рэалізаваць на аўкцыёне за шалёныя грошы.








