На Радаўніцу можна наведаць радыеактыўны палац у Дзям’янках

Ён хавае шмат таямніц. Адна з іх звязаная з нібыта схаванымі ў тых мясцінах скарбамі

by homieldays

Наведаць зону адчужэння без адмысловага дазволу можна на Радаўніцу. Менавіта ў такой зоне, дзе ўсталяваны кантрольна-прапускны рэжым, і знаходзіцца Палац ХІХ стагоддзя ў эклектычным стылі. Палац знаходзіцца ў вёсцы Дзям’янкі Добрушскага раёна, якую выселілі ў першыя гады пасля катастрофы на ЧАЭС.

Дзесьці ў 2015 годзе практычна ўся старадаўняя вёска знікла, але не праз наступ прыроды, а пад каўшамі экскаватараў. Цяпер у Дзям’янках засталіся толькі могілкі і палац сям’і латышскіх дваранаў Герардаў.

З нагоды таго, што апошнія чатыры дні можна было наведваць Дзям’янкі, паўтараем гутарку з нашчадкам роду Герардаў Адамам Быстрыцкім! Адам Быстрыцкі – прапраўнук Уладзіміра Герарда, жыве ў Польшчы і актыўна цікавіцца гісторыяй сваёй сям’і.

Сядзіба Герардаў, фота: vk.com/architekture

Ведаю, што вы былі ў Дзям’янках. Раскажыце, калі ласка, пра свае ўражанні…

– Першы раз мы паехалі з бацькам і цёцяй у Дзям’янкі ў 2014 годзе. Спачатку наведалі музей у Гомелі, пазней Добруш, дзе пасля атрымання дазволу на ўезд у зону мы накіраваліся ў Дзям’янкі, нам нават прадставілі бясплатна бусік. Сам палац зрабіў на мяне вялізнае ўражанне. Не зважаючы на гады, ён быў цалкам у добрым стане, вокны былі замураваныя, але са шчылінамі, каб забяспечыць вентыляцыю. Тэрыторыя навокал была занядбаная, хоць хутчэй зарослая. Але па разнастайнасці расліннасці было відаць, што тут некалі быў цудоўны парк. Від з узвышша на раку і на лясы, на лугі ў далечыні, быў проста ашаламляльны. Можна толькі ўяўляць, як гэта выглядала ў ранейшыя часы. Праз некалькі гадоў мы зноў наведалі Дзям’янкі. Тэрыторыя вакол сядзібы была ўжо ўпарадкаваная і дагледжаная, палацу надалі статус каштоўнасці. Што тычыцца палаца, то ведаю, што ў арыгінале ён быў белы, а на першым паверсе ў салоне, у адной з яго частак, была шкляная падлога, пад якой плавалі рыбкі.

Дарэчы, палац у Дзям’янках бальшавікі перанялі нібыта толькі ў 1921 годзе. Мясцовае насельніцтва даглядала палац, чакала вяртання Мікалая Герарда.

Наведванне Дзям’янак. З архіву Адама Быстрыцкага

Ці вядома, дзе дакладна пахаваны Мікалай Герард?

– Я шукаў гэтае месца. І знайшоў, дзе былі могілкі і царква, але цяпер ужо няма ні царквы, ні магілы. Месца, дзе Мікалай Герард быў пахаваны, гэта Uusikirkko, сёння гэта Паляны (Ленінградская вобласць – заўв. рэд.).

Якой вам бачыцца будучыня палаца Герардаў у Дзям’янках?

– Што да далейшага лёсу, то калі мы ў другі раз паехалі ў Дзям’янкі, то ўлады горада Добруш выдалі нам бланк, які датычыў аднаўлення палаца. У гэтым бланку была такая рубрыка: “У якасці прыватнага інвестара колькі вы можаце інвеставаць у аднаўленне палаца?” І было яшчэ дапісана, што “суму просім назваць у мільёнах даляраў”.

“Так што я пакуль зарабляю на свой першы мільён даляраў”, – жартуе Адам Быстрыцкі.

Палац Герардаў у Дзям’янках перажыў цяжкія часы, у ім мясціўся і дом-інтэрнат, і піянерскі лагер. Ён надалей хавае шмат таямніц. Адна з іх звязаная з нібыта схаванымі ў тых мясцінах скарбамі, іншая – з нібыта зніклай у ваколіцах карэтай караля Карла XII. Дый самі Герарды пакінулі пасля сябе багатую спадчыну, якая, магчыма, яшчэ чакае свайго поўнага адкрыцця.

Мост ля сядзібы Герардаў. Фота: vk.com/architekture

Дарэчы, старажылы Дзям’янак з цеплынёй згадваюць апошняга ўладальніка сядзібы ў Дзям’янках Мікалая Герарда (нейкі час быў нават губернатарам Фінляндыі), памяць пра якога ім перадалі бабулі і дзядулі. Паводле расповедаў старажылаў, характар у пана быў вельмі добры, за што яго любілі ўсе навакольныя сяляне.

«Цудоўны мужык быў той Герард. Мой дзед яму часта дапамагаў па гаспадарцы. Заб’е якога парсюка, а Мікалай Мікалаевіч яму кажа, каб ён сабе пару рабрынак з тушы адсек для дзяцей. Але абавязкова ціха, каб пані не ўбачыла. Бо пані шкадлівая была цётка…», — згадвалі мясцовыя жыхары Дзям’янак.

Кажуць, што пасля рэвалюцыі нейкія людзі ад пана інкогніта вярнуліся ў Дзям’янкі, каб забраць схаванае пад ліпай золата. У закапанай бочачцы было ля 40 кг упрыгожанняў. Але нехта данёс уладам, якія і канфіскавалі гэтыя каштоўнасці.

Далейшы лёс скарбаў Герардаў невядомы.

Штодзень

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png