Прызначэнцы ад Гомеля ў Палату прадстаўнікоў: ідэолагі, пісьменнік, кіраўнік раённай адміністрацыі і дацэнт

by ZB

Аляксандр Канапацкі. Прызначылі па Гомельскай-Чыгуначнай акрузе. Да таго быў дэпутатам Гомельскага гарсавета і галоўным ідэолагам «Гомсельмаша», памочнікам іншага дэпутата Палаты прадстаўнікоў.
Член праўладнай «Белай Русі», балатаваўся ад праўладнай Камуністычнай партыі Беларусі. У перадвыбарчым звароце казаў пра знешнія пагрозы, спасылаўся на словы Лукашэнкі, але ў асноўным казаў пра эканоміку.

Агульны даход за 2022 год – 70175,89 рублёў (сярэдні месячны – каля 5900 рублёў).

Прадстаўнікі кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” называлі Канапацкага сярод тых, хто, верагодней за ўсё будзе прызначаны дэпутатам.

Уладзімір Гаўрыловіч. Прызначаны па Гомельскай-Цэнтральнай акрузе. Старшыня абласнога аддзялення праўладнага “Саюза пісьменнікаў Беларусі”, член праўладнай «Белай Русі». Аўтар 35 кніг, атрымаў ганаровае званне «Заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь» і некалькі расійскіх літаратурных прэміяў, у тым ліку «Рускі шлях». Піша ў тым ліку і па-беларуску.
«Слухаў і глядзеў трансляцыю «Вялікай размовы з прэзідэнтам», а згадваліся гарачыя падзеі жніўня 2020-га. Але не тыя, што адбываліся ў Мінску (мы яшчэ не да канца зразумелі, а што ж там адбывалася і чаму?). Згадвалася палеская глыбінка. Вёска. На полі — вялікі ўраджай, і яго трэба, нягледзячы на пандэмію, сабраць. Каб той жа Мінск пасля неразумнага сноўдання асобных «пакрыўджаных» па вуліцах, ці Гомель, дзе таксама былі на прыступках цырка ці ўнівермага групкі «бедных» студэнтаў, не засталіся без малака, хлеба і бульбы», – пісаў у 2021 годзе ў «Звяздзе» Гаўрыловіч.

Агульны даход за 2022 год – 23153,22 рублёў і 30000 расійскіх рублёў (сярэдні месячны – каля 1900 рублёў і 2500 расійскіх).

Прадстаўнікі кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” казалі пра ўмоўную інтрыгу на акрузе, Гаўрыловіч «спаборнічаў» з галоўным ідэолагам Інстытута “Гомельграмадзянпраект”.

Ірына Даўгала. Прызначаная паўторна па Гомельскай-Савецкай акрузе, у мінулым скліканні ўзначальвала пярвічку праўладнай «Белай Русі» ў палаце прадстаўнікоў. Да таго, як яна патрапіла ў «дэпутаты», была галоўным ідэолагам Гомельскай вобласці. У 2021 годзе яна патрапіла ва ўкраінскую базу «Міратворац», яе прызналі «датычнай да антыўкраінскай прапаганды і ўдзелу ў актах гуманітарнай агрэсіі супраць Украіны». У 2020 годзе 174 выбарцы спрабавалі адклікаць яе з дэпутатаў.

Ірына Даўгала ахвотна пісала і выказвалася пра грамадска-палітычную сітуацыю, у тым ліку пра міграцыйны крызіс (абвінаваціўшы Літву), падтрымлівала мілітарызацыю, супраць санкцыяў, за дзень народнага адзінства, была дэлегатам «Усебеларускага народнага сходу» і «патрыятычных аўтапрабегаў. Даўгала нават распавядала пра неалагізмы, створаныя Лукашэнкам.

Яна была з тых, хто выступала за барацьбу з ковідам і часам насіла маску на пасяджэнні палаты прадстаўнікоў у 2020 годзе – што, відавочна, не было мэйстрымам для прыхільнікаў Лукашэнкі.

Агульны даход за 2022 год – 56186,54 рублёў (сярэдні месячны – каля 4700 рублёў).

Прадстаўнікі кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” называлі Даўгалу адной з найбольш адыёзных кандыдатаў у «дэпутаты» ў гэтым годзе.

Анжаліна Сырамятнікава. Прызначаная па Гомельскай-Прамысловай акрузе. Працавала ідэолагам ААТ “Гомельскі ДСК”, член праўладнай партыі «Белая Русь», актыўная ўдзельніца праўладных мерапрыемстваў. У 2019 годзе балатавалася ў палату прадстаўнікоў, але прайграла іншаму праўладнаму кандыдату. У перадвыбарчым звароце-2024 казала пра сям’ю і захаванне «традыцыйных каштоўнасцяў».

«Чула, што знаходзяцца скептыкі, якія заяўляюць, што народ сваіх кандыдатаў ведаць не ведае. Нават здзівілася! На маёй памяці гэта, мабыць, самая вядомая ў плане ўдзельнікаў перадвыбарнай гонкі электаральная кампанія», – упэўнівала дзяржСМІ Сырамятнікава.

Агульны даход за 2022 год – 58 739,93 рублёў (сярэдні месячны – каля 4900 рублёў).

Сяргей Казачок на суботніку

Сяргей Казачок. Прызначаны па Гомельскай-Навабеліцкай акрузе. Быў кіраўніком адміністрацыі Навабеліцкага раёна Гомеля, актывіст праўладнай партыі «Белая Русь». За ім незаўважаныя публічныя палітычныя заявы. У перадвычарчым звароце казаў пра дасягненні ў раёне, добраўпарадкаванне горада і абяцаў «выкарыстаць усе законныя метады і формы дзейнасці, каб зрабіць жыццё людзей у нашай краіне годнай».

Агульны даход за 2022 год – 54 333,69 рублёў (сярэдні месячны – каля 4500 рублёў).

Прадстаўнікі кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” называлі Казачка сярод верагодных «дэпутатаў».

Юлія Волкава

Юлія Волкава. Прызначаная па Гомельскай сельскай акрузе. Яна кандыдат навук, дацэнт кафедры эканомікі ГДТУ імя Сухога і дактарант кафедры прамысловага маркетынгу і камунікацый Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта. Была «дэпутатам» гарсавета. Прадстаўляе Рэспубліканскую партыю працы і справядлівасці. Палітычнымі заявамі невядомая.

Агульны даход за 2022 год – 26 873,57 рублёў (сярэдні месячны – каля 2200 рублёў).

Таксама на Гомельскай-Юбілейнай акрузе прызначаны адыёзны Віталь Уткін, пра якога «Штодзень» нядаўна распавядаў.

Штодзень

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png