Запісацца самастойна праз VFS Global практычна немагчыма. Пры запісе на нацыянальную візу D, якую выдаюць па карце паляка альбо для кіроўцаў, яшчэ можна знайсці вольны слот. Аднак для візы катэгорыі С часцей за ўсё сустрэнецца надпіс: “Прыносім свае выбачэнні, на дадзены момант няма даступных “слотаў” для запісу”.
Затое ў інтэрнэце шмат абвестак пра дапамогу ў запісе на візу. Цэны вар’іруюцца ад 350 да 1600 беларускіх рублёў. Сярэдняя цана толькі за запіс і дапамогу ў запаўненні анкеты — прыкладна 850 рублёў за Шэнген і 550 рублёў за візу D. Калі дадаць сюды консульскія зборы і страхоўку, то цана будзе яшчэ вышэйшая.
Цэнтр беларускай салідарнасці сёлета праводзіў апытанне ў сябе ў ТГ-канале, ці ўдалося запісацца ў Беларусі на атрыманне польскай візы цягам апошняга года. З 898 галасоў 37% запісваліся менавіта з дапамогай пасярэдніка.
Паводле дадзеных Нацыянальнага статыстычнага камітэта, сярэдняя налічаная аплата ў краіне на снежань 2023 года склала 2271 рубель. То бок палову з сярэдняга заробку давядзецца запрасіць за запіс на візу.