Санкцыйную жыткавіцкую драўніну, нарэшце, знайшлі куды прадаваць

by ZB

Напярэдадні ўвядзення санкцый дрэваапрацоўка ў Беларусі была адной з галін, якая атрымала выгаду ад так званага знешнегандлёвага цуду. Попыт, які вырас з-за працэсаў, выкліканых пандэміяй, прывёў да росту экспарту гэтай галіны на 53,3%.

Ад санкцый, пад якія трапіла беларуская дрэваапрацоўка, краіна страціла амаль паўтара мільярда долараў – гэта больш за палову ад усёй экспартнай сумы ад дрэвапрацоўкі за 2021 год (усяго на дрэве зарабілі 2,3 млрд долараў).

Знайсці замену рынку было вельмі складана, бо многія з прадпрыемстваў галіны ствараліся спецыяльна пад еўрапейскіх спажыўцоў.

Так здарылася і з Жыткавіцкім лясгасам. Як толькі Еўропа ўвяла санкцыі – усё практычна развалілася. Знайсці прыбытковы рынак збыту ўдалося толькі цяпер.

Да канца траўня пяць кантэйнераў піламатэрыялаў адправяцца з Жыткавічаў у Кітай, – пра гэта начальнік цэха Жыткавіцкага лясгаса Аляксандр Савіч паведаміў журналістам «Новага Палесся».

Прыйшлося, праўда пераарыентавацца ў плане прадукцыі, якая пастаўляецца. Калі раней Еўропа закупляла жыткавіцкія паддоны (прытым адгружалі іх па 120 кубаметраў у дзень), то цяпер перайшлі на шасціметровыя дошкі.

Штомесячная прадукцыйнасць парадку 1600 кубаметраў. Гэта тычыцца двух цэхаў лясгаса, дзе пазменна працуюць 66 чалавек, – распавёў Аляксандр Савіч.

Па словах кіраўніка цэха, таксама ў планах ёсць пастаўка ў Бельгію драўляных домікаў, якія там карыстаюцца масавым попытам. У Жыткавіцкім лясгасе па схеме заказчыка плануюць вырабляць для іх габляваны брус.

Штодзень

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png