Днямі «Штодзень» ужо пісаў пра тое, што з-за небывалай паводкі сёлета цяпер у Гомелі нашэсце мошак. І калі людзі на волі могуць паклапаціцца пра сябе і набыць, да прыкладу, неабходныя сродкі для абароны, то ў жанчын, якія адбываюць тэрмін у калоніі, такой магчымасці няма.
Пры гэтым трэба разумець, што ад укусаў гэтых мошак (асабліва множных, з якімі і сутыкнуліся зняволеныя ў калоніі), рэакцыя можа быць самай рознай – ад моцнага свербу і раздражнення, да высокай тэмпературы і сур’ёзнай алергічнай рэакцыі.
Пры гэтым, як паведамляюць сваякі зняволеных, у калонію не прапускаюць ніякія сродкі абароны – іх проста нельга перадаваць па правілах рэжыму калоніі.
Ніякіх маскітнымі сетак там, зразумела, няма. Пры гэтым жылыя баракі практычна ўвесь час знаходзяцца на праветрыванні. І мошкі літаральна грызуць зняволеных. Як паведамляюць родныя асуджаных, у многіх з іх на целе множныя пухіры і алергія. І яны страшна ад гэтага пакутуюць..
Такая ж сітуацыя ў так званай «гасцініцы для працяглых спатканняў», у якую прыязджаюць родныя асуджаных. Дарэчы, па шматлікіх водгуках, гэта адна з горшых такіх «гасцініц» у сістэме ДВП Беларусі. У пакоях там пастаянная сырасць. І калі памяшканне там не адкрыць на праветрыванне, то спаць там проста нерэальна. Але калі гэта зрабіць – машкара ў пакоі літаральна кішыць.
Пры гэтым адміністрацыя калоніі па-ранейшаму забараняе да праносу рэпеленты. Адзіны варыянт – максімальна намазаць сябе тоўстым слоем мазяў. Але гэтага хапае толькі на паўдня. А ў большасці асуджаных няма і гэтай магчымасці.