У Нараўлянскім раёне запускаюць турыстычны маршрут па адселеных вёсках

by ZB

Пасля адмашкі «вярнуць у абарот пацярпелыя тэрыторыі» у Нараўлянскім раёне запускаюць турыстычны маршрут па адселеных вёсках. Плануюць стварыць Музей савецкага побыту і паказваць капліцу з ацалелым абразом.

Маршрут пройдзе праз адселеныя вёскі, якія пацярпелі ад наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. Гаворка пра Цешкоў і Дзярновічы, жыхары якіх былі адселеныя пасля трагедыі. Апусцелыя вуліцы, дамы і школы, калісьці пладаносныя сады – усё гэта збіраюцца зрабіць асаблівасцю новага турыстычнага маршруту, які пройдзе па Нараўлянскім участку Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка.

Акрамя апусцелых вёсак турыстаў збіраюцца вадзіць у новы Музей савецкага побыту ў вёсцы Цешкоў (яго зараз ствараюць), у якім, па словах начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Нараўлянскага райвыканкама Марыны Альховік, будзе не проста «збор сцягоў, значкоў, а паўнавартасная канцэпцыя з узнаўленнем усіх элементаў побыту савецкіх часоў».

Таксама ў студзені гэтага года ў разбуранай капліцы 1830 года каля вёскі Дзярновічы знайшлі 1,5-метровы старадаўні абраз «Хрышчэнне Гасподняе». Ён прастаяў там усе 37 гадоў пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС і не пацярпеў.

«Інакш як цудам такі ўзровень захаванасці назваць не маглі», – распавёў старшыня Нараўлянскага райвыканкама Уладзімір Антоненка.

Гэты абраз у новай асвячонай капліцы таксама будуць паказваць турыстам.

Як паведаміла БелТА кіраўніцтва Нараўлянскага раёна, зараз маршрут праходзіць фінішныя этапы ўзгаднення, і ўжо хутка па ім адправяцца першыя турысты.

Штодзень

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png