Як дзеці з асаблівасцямі перажылі ІІ Сустветную вайну. У Гомелі знялі інклюзіўны дакументальны фільм

by homieldays

У Гомельскім гарадскім цэнтры інклюзіўнай культуры стварылі дакументальны фільм “Дзеці вайны”. Стужка зроблена на аснове ўспамінаў трох гамяльчанак, якім на момант пачатку Вялікай айчыннай вайны было 8, 10 і 13 гадоў. Глыбокія інтэрв’ю гераінь чаргуюцца з мастацкімі рэканструкцыямі фрагментаў іх успамінаў.

 

“Дзеці вайны” – інклюзіўная карціна, – паведамляе ў Інстаграм @svetacx. – Адна з апавядальніц нарадзілася з татальным парушэннем слыху, у якасці акцёраў можна ўбачыць людзей з парушэннем слыху, зроку, апорна-рухальнага апарата, ментальнымі расстройствамі. Што яшчэ раз даказвае – чалавек пры жаданні і належных умовах можа ўсё.

Вось што напісала на сваёй старонцы ўдзельніца творчай здымачнай групы: “Гэта адна з маіх самых вялікіх, цікавых і натхняльных прац за 35 год! Калі мы задумалі захаваць рэальныя ўспаміны бабуль, што на момант ВАВ былі дзецьмі, я нават не магла ўявіць у якую велічэзную працу гэта ўсё трансфармуецца. Інтэрв’ю трох гераінь мы дапоўнілі мастацкай рэканструкцыяй яркіх, самых моцных момантаў іх аповедаў. Кожны кадр, кожны гук, кожны колер стаў выпрабаваннем, кранаючы маё сэрца разнастайнасцю эмоцый. Здымкі без аніякага бюджэту, без адрыву ад асноўнай працы, у выходныя і вольны час, у вельмі цяжкі для мяне час, перапрацоўка сцэнарыю і першапачатковай канцэпцыі, лавіраванне паміж гістарычнай праўдай і цэнзурай, мэта захаваць рэальныя эмоцыі і паказаць жудасць гадоў вайны для дзяцей і моц выгартаваных і чалавечных людзей, якія захавалі сябе, згубіўшы дзяцінства ў страху, холадзе і голадзе баявых дзеянняў.”

Фільм пакуль што можна пабачыць толькі ў Гомелі ў Цэнтры інклюзіўнай культуры. Аднак стужка можа неўзабаве з’явіцца і на youtube.

Штодзень 

 

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png