“Мне сорамна выходзіць 9 траўня з дому”

by ZB

Ужо які год мне сорамна выходзіць 9 траўня з дому. Мне сорамна быць датычнай да паветраных шарыкаў, сцяжкоў і георгіеўскіх стужачак, мне сорамна бачыць апранутых у ваенную форму дзяцей, сорамна чуць п’яныя крыкі радасці ад сузірання салюту, сорамна адчуваць паўсюдныя скокі на костках…

На сёння няма больш бессаромнай прапаганды і ідэалагічных спекуляцый, чым міфалогія Вялікай айчыннай вайны – тыя самыя “скрэпы” і ўлюбёная тэма расійскага і беларускага кіраўніцтва.

У сродках масавай інфармацыі эксплуатуецца былая савецкая перамога (за адсутнасцю іншай) над фашызмам і завецца яна “сваёю”. Трэба ж і сёння гуртаваць выбаршчыкаў, каб змагацца за штосьці і супраць кагосьці.  Мабыць таму беларускія ўлады прызываюць “касцямі лажыцца” за Маскву, а нашую спрадвечную беларускую сімволіку абвяшчаюць фашысцкай? На свята і паклон вечнаму агню (нібы на паганскае капішча) зганяюць школьнікаў і студэнтаў, працоўныя калектывы і несапраўдных ветэранаў (бо сапраўдныя калі і засталіся, то не могуць датупаць сваімі нагамі нават да крамы). Тыя, хто перамог у 45-м фашызм, сёння дажываюць свой век у лядашчых хацінках, а 9 траўня ім павязваюць стужачкі і дораць якія-небудзь ручнікі альбо цукеркі.

Мае дзяды не ваявалі, бо былі пад час вайны дзецьмі.

Адзін з прадзедаў да вайны не дажыў, бо быў раскулачаны і рэпрэсаваны. Другі знік на вайне без вестак. Трэці з фронту вярнуўся жывым, але расказваць пра вайну не хацеў: “Ну ваяваў, было… І ордэн ёсць. Дай Бог нікому тую вайну не бачыць…”

8 траўня 1945 года Германія падпісала акт аб безумоўнай капітуляцыі вермахта і заканчэнні Другой сусветнай вайны. У Нямеччыне гэты дзень штогод памяталі, называючы Днём вызвалення ад гітлераўскага фашызму. З 2004 г. у Еўропе адзначаецца дзень памяці і прымірэння, які прысвечаны ўсім загінуўшым. Гэта дзень смутку і ўспамінаў пра масавыя забойствы, разбурэнні і тэрор – каб маладое пакаленне ведала, што вайна заўсёды з’яўляецца страшнай і ў ёй няма пераможцаў.

У СССР афіцыйна і пышна сталі святкаваць Дзень Перамогі з 1965 г. Больш для таго, каб праславіць свайго былога правадыра – Сталіна, чым для ўшанавання савецкіх шматнацыянальных воінаў. Зрэшты, разам з фашызмам савецкі правадыр перамог і беларускі, і ўкраінскі, і балтыйскія народы – былі патушаны любыя ачагі нацыянальнага супраціву. Працягваліся гвалт і рэпрэсіі, генетычнае выраджэнне, зніжаўся сацыяльны, культурны і тэхналагічны ўзровень, раслі галеча і голад… На жаль, для тых, хто перамог у гэтай вайне, нічога не змянілася.

Я не хачу сказаць, што нельга помніць і адзначаць Дзень Перамогі. Я хачу сказаць, што рабіць гэта трэба інакш, без “пабедабесія”.

Перамога – гэта не налепка на джыпе “дзякуй дзеду” і  не георгіеўская стужка.

Перамога – гэта не партрэты маршалаў і не рэканструкцыя сталінізму.

Перамога – гэта не марш узброеных салдат, не парад танкаў, не бразганне зброяй і не агрэсія ў бок іншых краін “можам паўтарыць”.

Перамога – гэта годнае жыццё для ветэранаў і спакойнае для сучасных салдат. Перамога – гэта ўпэўненасць у заўтрашнім дні для кожнага.

Перамога – гэта добрасуседскія зносіны з іншымі краінамі, гэта сяброўства, саюзніцтва і давер. Перамога – гэта таксама работа над памылкамі. За перамогу рэжыму ваююць рабы, а вольныя людзі ваююць за сваю будучыню і свабоду.

Штодзень
Аўтар: Мар’яна Ліс

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png