Знос свідравальнага абсталявання ў Мазыры 90%, збіраюцца закупляць вышку

by ZB

Указанні Лукашэнкі дыктуюць планы па пошуку новых радовішчаў нафты Мазырскай нафтаразведачнай экспедыцыі глыбокага свідравання. Геолагі спрабуюць нарасціць аб’ёмы пры зносе свідравальнага абсталявання на 90%, дзе закупляць некаторае, пакуль невядома.

Ілюстрацыйнае фота

«На самым высокім узроўні прызнаюць, што, напрыклад, свідравальнае абсталяванне зношанае на 90%. Цяпер выдзелены немалыя сродкі ў рамках дзяржаўнай падтрымкі “НПЦ па геалогіі” на мадэрнізацыю асноўных сродкаў вытворчасці. У нашай арганізацыі, у прыватнасці, будзе закуплена сёлета адна свідравальная вышка з поўным камплектам абсталявання», – распавёў у рэдакцыі мясцовай раёнкі кіраўнік Мазырскай нафтаразведачнай экспедыцыі глыбокага свідравання Антон Кавалёў.

Ён расказаў аб планах “павялічыць аб’ёмы геолагаразведачнага свідравання”. Наконт закупкі абсталявання выказаўся наступным чынам: «Трэба скласці пералік неабходнага абсталявання, яно ў нас спецыфічнае, і не ўсё ў нашай краіне вырабляюць, трэба наладзіць гандлёвыя адносіны з Расійскай Федэрацыяй».

Паводле слоў галоўнага інжынера мазырскай экспедыцыі глыбокага свідравання Сяргея Змушкі, сёння геолагаразведачныя “работы ў асноўным сканцэнтраваны ў Гомельскай вобласці, так званы Прыпяцкі прагін”. Але ён прызнаецца, што пасля нарады ў Лукашэнкі паступіла ўказанне пашырыць гэтую дзейнасць па ўсёй краіне.

Сярод іншага, галоўны геолаг мазырскай экспедыцыі Яўген Карчуганаў гаворыць пра тое, што ёсць планы ісці ў патэнцыйна забруджаныя радыяцыяй пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС раёны: «Мы ідзём у паўднёвыя раёны Гомельшчыны, якія ў свой час з прычыны катастрофы на ЧАЭС выпалі са сферы ўвагі геолагаў».

Цяпер яны бураць тры свідравіны ў Лельчыцкім раёне, цікавы Ельскі раён (свідравіна Шарынская і патэнцыйна Заходне-Завойская), ёсць свідравіна Жукавіцкая каля Акцябрскага радовішча.

Яўген Карчуганаў лічыць, што “зялёная энергетыка” сёння выступае сур’ёзным канкурэнтам для АЭС, але замяніць традыцыйныя нафту і газ яна не зможа яшчэ вельмі доўгі час”.

Штодзень

 

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png