Навіны горада

У Гомельскай вобласці падтопленыя больш 100 жылых дамоў

Паводка ў рэгіёне набірае моц, колькасць падтапленняў толькі павялічваецца. Учорашні маніторынг МНС паказаў, што падтопленыя 105 жылых дамоў і 313 падворкаў.

Таксама вада закранула асобныя ўчасткі дарог (25), падвалы, гаспадарчыя пабудовы, 95 іншых будынкаў. За ўчорашні дзень дадаліся некалькі новых выпадкаў у Лельчыцкім раёне, пры гэтым ліквідаваных падтапленняў не было.

Жыхары Любенскага мікрараёну Гомеля на прыёме ў старшыні Гомельскага гарвыканкама Уладзіміра Прывалава прапанавалі паскорыць будаўніцтва лакальнай дамбы ў прыватным сектары і пабудаваць там шлюз з металу. Як паведамляюць дзяржСМІ, чыноўнік прапанову падтрымаў.

Між тым, сэрвіс маніторынгу ўзроўню рэк Allrivers са спасылкай на Белгідрамет паказвае, што рэкі ў рэгіёне на сёння дасягнулі небяспечных, а тое і крытычных узроўняў.

Рака Прыпяць у Петрыкаве паднялася да 802 сантыметраў (небяспечная з’ява, падтапленні жытла) і працягвае расці, адпаведная сітуацыя ў Нароўлі (462 см, рост на 2 см за суткі).

У Лоеве Днепр значна перавысіла крытычны ўзровень (445 см, за суткі знізілася на 5 см), як і ў Рэчыцы (337 см, -1 см). Небяспечна вырасла і рака ў Жлобіне.

Сож у Гомелі перавысіла крытычны ўзровень (378 см), як і Пціч у вёсцы 1-я Слабодка (Петрыкаўскага раёну) (392 см).

У вёсцы Прыбар рака Уза дасягнула максімальнага за апошнія гады ўзроўню (268 см і працягвае падымацца).

Штодзень