“За адзін выступ Дзімы Білана ў Гомелі можна 5 год фінансаваць усе прарыўныя праекты па гісторыі горада”. Горкія словы Яўгена Малікава пра гістарычную палітыку гомельскіх уладаў

by ZB

У ФБ-пабліку “Гомель. История и архитектура” Вадзім Кіслякоў узняў пытанне неабходнасці стварэння сучаснага і шматфункцыйнага музея гісторыі горада. У якасці месца размяшчэння такога аб’екту прафесійны архітэктар разглядае гістарычны будынак Гомельскай гарадской думы, у якім амаль стагоддзе месцілася фабрыка “Палесдрук”. Аднак абмеркаванне гэтай тэмы нечакана вывернулася ў гарачую дыскусію наконт невыразнай гістарычнай палітыкі гарадскога кіраўніцтва. “Штодзень” публікуе меркаванне кандыдата мастацтвазнаўства, даследчыка гісторыі Гомеля Яўгена Малікава.

Актуальны выгляд будынка фабрыкі “Палесдрук”

Так выглядаў будынак Гомельскай гарадской думы ў 1909 годзе. Фота: Вікіпедыя

Ідэя цікавая, я таксама некалькі гадоў таму задумваўся пра ролю будынка былой фабрыкі “Палесдрук” як цэнтра музеязнаўства. Толькі я, перш за ўсё, думаў пра музей прамысловасці (нармальны, а не кандовая экспазіцыя ў краязнаўчым музеі ў савецкія часы) і пра музей медыцыны. Але што тады рабіць з існым Музеем горада? Па-другое, праблема адсутнасці такіх экспазіцый яшчэ і ў праблеме браку распрацаваных тэм у гісторыі нашага горада і вобласці. А гэта ўжо праблема. Гэта вынік антыгуманітарнай палітыкі гарадскіх уладаў увогуле за апошнія 30 гадоў. Колькі за 30 гадоў выйшла кніг па гісторыі горада? Колькі мэтанакіраваных праектаў па даследаванні гісторыі горада былі прафінансаваны гарадскімі ўладамі за апошнія 30 год? Стабільна праводзіліся толькі рамонт асноўных каменных будынкаў і антынавуковае добраўпарадкаванне парка, усталёўваліся гарадскія скульптуры, часам няўцямныя (приезжающий-отъезжающий і г.д.). Па вялікім рахунку і ўсё. Якая прычына ўсяго гэтага? А вы паглядзіце, хто ў нас кіраўнікі горада — ці не ўсе яны не нарожаныя ў Гомелі, усе прыезджыя (за выключэннем хіба Якабсона і Сіліцкага). Ім што Гомель, што Магнітагорск — абсалютна адно і тое ж. І спытаюць у іх не за колькасць выдадзеных кніг, а за колькасць здадзеных метраў, дарог, адкрытых бальніц. Для ўсіх гэтых прыезджых кіраўнікоў гісторыя горада, яго культура, самаідэнтыфікацыя гараджан, знакавыя месцы — ніколі не былі ў прыярытэтах, бо яны ўвогуле не разумеюць ні іх каштоўнасці, ні таго, што менавіта гэтыя рэчы і павінны быць, у канчатковым выніку, сэнсам работы гарадскіх уладаў. Яны гэтага проста не разумеюць. Як, напрыклад, не разумеюць сэнсу пілікання салаўёў у лесе. Але яны разумеюць, што сёння ты ў Гомелі, а заўтра ў Барысаве, а пасля, глядзіш, і ў Менск запросяць…

Дык які сэнс укладвацца ў такія эмацыйныя рэчы, як гісторыя горада? І хіба Лукашэнка пахваліць за 10 выдадзеных кніг па гісторыі горада падчас твайго першага года кіравання горадам? Не, канешне! “І ешчё надо разобраться, какую там історію он популярізіровал за государственные средствА!”. Гэта і ёсць тое, што я назваў “татальная дэгуманізацыя палітыкі гарадскога кіраўніцтва”. Адсюль і самая відавочная прычына таго, што “на это в городском бюджете денег нет!”. А вось запрашаць расейскіх зорак на дзень горада па 50 000$ за штуку — грошы ёсць, а выдзяліць гэтыя ж грошы на даследаванне і выданне кніг па гісторыі Гомеля — “денег нет!”. За адзін выступ Дзімы Білана ў Гомелі можна было б 5 год фінансаваць усе прарыўныя праекты па гісторыі Гомеля.

Ну, і як заканамерны вынік дзесяцігоддзяў такой палітыкі, цяпер у нас увогуле гарадскіх гісторыкаў-спецыялістаў па Гомелю засталося крыху больш нуля. Бо за гісторыю горада ніхто ніколі нічога не плаціў у другім па велічыні горадзе Беларусі. Колькі вы думаеце археолаг Макушнікаў атрымаў фінансавання з гарадскога бюджэта на свае археалагічныя даследаванні Гомеля за перыяд у 35 год? Упэўнены, што крыху больш нуля. А ўсе свае раскопкі засноўваў на сваім і валанцёраў голым энтузіазме, веры ў каштоўнасць гісторыі горада. І так робяцца у Гомелі ўсе даследаванні гісторыі горада. І сёння ўся гісторыя горада ў Гомелі трымаецца ВЫКЛЮЧНА на голым энтузіязме дзясятка +\- гарадскіх гісторыкаў. І калі ў наступным годзе яны нічога не напішуць, не адкрыюць, не апублікуюць, не раскапаюць — ніхто ў Гомелі гэтага і не заўважыць, бо няма ў гарадской стратэгіі развіцця такога паказчыка паспяховасці “гісторыя горада” (у адрозненне ад будаўніцтва і прамысловасці).

Штодзень

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png