HomelDays_Logo_Main-mobil

Ад “хіміі” да “экстрэмісцкага” Facebook: у Беларусі працягваюць пераслед лідара Gods Tower

Старонку гомельскага музыкі і пісьменніка Уладзіслава Наважылава ў Facebook прызналі “экстрэмісцкімі матэрыяламі”. Раней вакаліста Gods Tower асудзілі на тры гады “хіміі”, унеслі ў “спіс тэрарыстаў” і завочна прысудзілі восем гадоў калоніі. Сам музыка пасля вымушанага ад’езду з Беларусі жыве ў Літве.

Уладзіслаў Наважылаў. Фота: ФБ-акаўнт музыкі і пісьменніка

Пра новае рашэнне паведаміла Вясна. Суд Ленінскага раёна Брэста 4 лістапада 2026 года прызнаў “экстрэмісцкімі матэрыяламі” інфармацыю на Facebook-старонцы пад назвай “Ўладзiслаў Наважiлаў” з ідэнтыфікатарам lesley.knife. Lesley Knife — сцэнічнае імя музыкі.

Пераслед Наважылава пачаўся яшчэ ў 2020 годзе. 19 верасня яго затрымалі разам з музыкам Аляксандрам Памідоравым пасля дваравога канцэрта ў мінскім раёне вуліцы Ангарскай. Наважылава пакаралі васьмю суткамі адміністрацыйнага арышту.

Тры гады “хіміі” за каментар пра чыноўніка

21 чэрвеня 2021 года суд Цэнтральнага раёна Гомеля прызначыў музыку тры гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Суддзя Сяргей Кармановіч прызнаў яго вінаватым у “абразе прадстаўніка ўлады” паводле артыкула 369 Крымінальнага кодэкса. Нагодай стаў каментар пад відэа з тагачасным старшынём Гомельскага аблвыканкама Генадзем Салаўём.  Пазней Наважылаў пакінуў Беларусь. Як пісаў Штодзень, шлях да бяспекі пралягаў праз Расію і Украіну. Музыка расказваў пра пераправу праз раку на гумовай лодцы і пераход расійска-ўкраінскай мяжы. Пры дапамозе BYSOL ён апынуўся ў Літве.

“Тэрарыст” і новая крымінальная справа

У лютым 2024 года КДБ уключыў Наважылава ў “спіс асобаў, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці”. Каля ягонага прозвішча пазначылі абвінавачанне паводле артыкула 130 КК — “распальванне варожасці”. У каментары музыка адрэагаваў на гэта так: “Кожны можа быць тэрарыстам у Беларусі”. Тады ж ён папрасіў сяброў і падпісчыкаў у Беларусі адпісацца ад ягонага акаўнта, каб не падстаўляць сябе.  У сакавіку 2024 года стала вядома пра спецыяльную вытворчасць супраць Наважылава, якая дазваляла судзіць яго завочна. Як паведамляў “Штодзень”, музыку абвінавацілі ў “распальванні варожасці” і ўдзеле ў “экстрэмісцкім фармаванні”.

Восем гадоў калоніі за ўдзел у “Рудабельскай паказусе”

24 чэрвеня 2024 года Брэсцкі абласны суд вынес завочныя прысуды шасці фігурантам справы праекта “Рудабельская паказуха”. Наважылаву прызначылі восем гадоў калоніі і штраф у 500 базавых велічыняў — на той момант 20 тысяч рублёў. Каментуючы прысуд, музыка звязваў пераслед з сатырычнай творчасцю: “Па факце мне далі тэрмін за частушкі”. Цяпер да двух крымінальных прысудаў і ўключэння ў “спіс тэрарыстаў” дадалася забарона інфармацыі на ягонай асабістай старонцы.

Штодзень
Можна пачытаць па тэме:
90-я без фільтраў: як выжывалі героі гомельскага андэграўнду
Уладзіслаў «Нож» Наважылаў распавёў новыя падрабязнасці сваіх уцёкаў з «хіміі»
Гутарка з “тэрарыстам”
Уладзіслаў Наважылаў распавёў пра новую кнігу

Слайдар пастоў