HomelDays_Logo_Main-mobil

У Варшаве ўпершыню пакажуць гістарычны герб Гомеля 1560 года

12 верасня ў Варшаве падчас  Пазабеларускага Дня горада Гомеля гісторык Яўген Малікаў упершыню прадставіць выяву гістарычнага герба Гомеля 1560 года.

 

Яўген Малікаў

Сёлета альтэрнатыўны Дзень Гомеля пройдзе ў варшаўскім бары Karma Crew. Арганізатары прапануюць на адзін вечар ператварыць яго ў імправізаваную платформу Гомельскага вакзала — з музыкамі, буфетам, “кіёскам”, гульнямі і нават магчымасцю з’есці сасіску ў цесце на лавачцы.

Адной з галоўных падзей стане лекцыя гомельскага гісторыка, кандыдата мастацтвазнаўства Яўгена Малікава, якая пачнецца а 18:30.

“Упершыню ў гісторыі Гомеля будзе прадстаўлена выява гістарычнага герба Гомеля 1560 года і дадзены адказ на важнае гістарычнае пытанне — Гомель і Магдэбургскае права. Ці было ў Гомеля Магдэбургскае права? Адказ будзе дадзены на лекцыі”, — падзяліліся інсайдам са Штоднём.

Тэма герба асабліва цікавая таму, што ў прывілеі 1560 года Жыгімонта Аўгуста Гомелю было дазволена карыстацца гарадской пячаткай з гербам — крыжам. Аднак тое, як менавіта выглядаў гэты крыж, доўгі час заставалася прадметам рэканструкцый. Цяпер Малікаў абяцае паказаць гістарычную выяву.

Ад гісторыі да “Схваткі” і гомельскага вакзала

Святкаванне пачнецца а 16:00. Акрамя лекцыі, у праграме — гістарычны квіз і гарадская гульня “Схватка”.

Музычную частку прадставяць Viačasłaŭ Kmit і luty sakavik, пазней выступяць Philkie, Sugarrealm і Wiktor. Будуць працаваць аўкцыён мастакоў, кірмаш кніг, часопісаў і сувеніраў, варажбітка з Таро, дзіцячая зона і буфет з адмысловым гатункам піва, піражкамі і семкамі.

Гэта ўжо чацвёрты Внебеларускі Дзень горада Гомеля. Ініцыятыва ўзнікла пасля масавай эміграцыі гамяльчан і паступова ператварылася ў нефармальнае гомельскае зямляцтва. Падчас папярэдніх святкаванняў тут таксама гаварылі пра гісторыю горада, ладзілі квізы, слухалі гомельскіх паэтаў і музыкаў.

Свята пройдзе 12 верасня ў Karma Crew (Aleja 3 Maja 15, Варшава). Пачатак а 16:00, лекцыя Яўгена Малікава — а 18:30. Уваход вольны.

Штодзень

Можна пачытаць па тэме:
“Хацелася б, каб у Гомеля быў гістарычны герб”

Слайдар пастоў