HomelDays_Logo_Main-mobil

З Гомеля — у Генпракуратуру. Чым запомніўся новы намеснік генеральнага пракурора Сяргей Удавікоў

Былы начальнік упраўлення Следчага камітэта па Мінскай вобласці Сяргей Удавікоў атрымаў новае павышэнне. Генеральны пракурор Дзмітрый Гара прадставіў яго калектыву Генеральнай пракуратуры ў якасці намесніка генеральнага пракурора Беларусі.

Сяргей Удавікоў. Фота: “Гомельская праўда”

Для Удавікова гэта чарговы этап кар’еры ў сілавой вертыкалі, якая пачыналася на Гомельшчыне. Менавіта тут ён стаў адной з найбольш пазнавальных фігур Следчага камітэта пасля падзей 2020 года.

Ад Гомеля да Мінскай вобласці

Да 2024 года Сяргей Удавікоў узначальваў упраўленне Следчага камітэта па Гомельскай вобласці. Пасля быў прызначаны кіраўніком УСК па Мінскай вобласці, а цяпер заняў пасаду намесніка генеральнага пракурора.

Яго кар’ерны рост адбываўся на фоне маштабных палітычных рэпрэсій у Беларусі, калі Следчы камітэт стаў адным з галоўных інструментаў пераследу ўдзельнікаў пратэстаў, журналістаў, грамадскіх актывістаў і апанентаў улады.

Справа Аляксандра Віхора

Адной з найбольш рэзанансных спраў, якія звязваюць з імем Удавікова, стала праверка абставінаў смерці 25-гадовага гамяльчаніна Аляксандра Віхора. Маладзёна затрымалі 9 жніўня 2020 года. Паводле сведак і родных, ён не ўдзельнічаў у пратэстах і ехаў да сваёй дзяўчыны. Пасля затрымання яму стала дрэнна, але замест тэрміновай медыцынскай дапамогі да яго была ўжыта фізічная сіла. У ноч з 11 на 12 жніўня яго даставілі ў рэанімацыю, дзе ён памёр.

Праверка, якая праводзілася пад кіраўніцтвам Сяргея Удавікова, не знайшла падстаў для адкрыцця крымінальнай справы. Афіцыйная версія сцвярджала, што смерць наступіла ў выніку раптоўнага абвастрэння захворванняў сардэчна-сасудзістай сістэмы, а дзеянні супрацоўнікаў праваахоўных органаў былі прызнаныя абгрунтаванымі. Пры гэтым экспертыза абвергла першапачатковыя паведамленні сілавікоў пра тое, што Віхор нібыта знаходзіўся пад уздзеяннем наркотыкаў.

Пахаванне Сашы Віхора

“Паступова дойдзем да кожнага”

Шырокі розгалас атрымала і інтэрв’ю Сяргея Удавікова дзяржаўнай газеце “Гомельская праўда” ў верасні 2023 года. Тады кіраўнік абласнога Следчага камітэта фактычна паабяцаў працяг палітычных рэпрэсій:

“Калі хтосьці думае, што ўсё забыта і ўдасца пазбегнуць адказнасці, то ён памыляецца. Паступова мы дойдзем да кожнага, хто парушыў закон.”

Ён таксама хваліўся механізмам так званага “пакаяння”, калі беларусам прапаноўвалі прызнавацца ў падтрымцы незалежных медыя, фондаў ці ініцыятыў, пералічваць грошы дзяржаўным установам і пазбягаць крымінальнага пераследу.

“Усе ідэйныя — ў Польшчы”

Асобную ўвагу выклікалі словы Удавікава пра беларусаў, якія выступалі супраць вайны ва Украіне. Каментуючы пераслед людзей за фатаграфаванне расійскай вайсковай тэхнікі, антываенныя каментары і падтрымку Украіны, ён заявіў:

“Маё асабістае меркаванне: усе ідэйныя альбо ў Польшчы, альбо сядзяць тут ціха.”

Гэтая фраза стала адной з найбольш вядомых цытат сілавіка і добра адлюстроўвала стаўленне ўладаў да іншадумства пасля 2020 года.

Чарговае павышэнне

Прызначэнне Сяргея Удавікова ў Генеральную пракуратуру выглядае лагічным працягам яго кар’еры. За апошнія гады ён неаднаразова публічна падтрымліваў палітыку жорсткага пераследу палітычных апанентаў, а таксама кіраваў праверкамі і расследаваннямі найбольш рэзанансных палітычных спраў. Цяпер адзін з найбольш вядомых прадстаўнікоў сілавога блоку Гомельшчыны будзе займаць адну з ключавых пасад ужо ў Генеральнай пракуратуры Беларусі.

Штодзень

Слайдар пастоў