HomelDays_Logo_Main-mobil

Не ў СІЗА, а пад абаронай Следчага камітэта. Улады адрэагавалі на чуткі пра былога кіраўніка Гомеля

Следчы камітэт заявіў пра адкрыццё крымінальнай справы за распаўсюд інфармацыі аб нібыта затрыманні былога старшыні Гомельскага гарвыканкама Уладзіміра Прывалава.

Паводле афіцыйнага паведамлення, інфармацыя пра тое, што экс-мэр Гомеля знаходзіўся ў СІЗА і стаў фігурантам крымінальнай справы, “не адпавядае рэчаіснасці”. У СК сцвярджаюць, што супраць Прывалава не ўзбуджалася крымінальных спраў і ў адносінах да яго не ажыццяўляўся крымінальны пераслед.

У сувязі з публікацыямі ў інтэрнэце Гомельскі гарадскі аддзел Следчага камітэта ўзбудзіў справу паводле артыкула аб паклёпе. Цяпер сілавікі шукаюць асобаў, якія ўдзельнічалі ў стварэнні і распаўсюдзе гэтай інфармацыі.

Асобна Следчы камітэт звярнуўся да грамадзян з заклікам не распаўсюджваць “чуткі і неправераную інфармацыю на дэструктыўных інтэрнэт-рэсурсах”. Фактычна гаворка ідзе пра чарговы сігнал незалежным медыя і ананімным крыніцам, якія пішуць пра дзейнасць чыноўнікаў і сілавых структур.

Нагадаем, чуткі пра магчымыя праблемы былога кіраўніка Гомеля з’явіліся пасля ягонай адстаўкі. Раней некаторыя медыя паведамлялі, што Прывалаў нібыта мог стаць фігурантам справы, звязанай з жыллёвымі схемамі.

Што вядома на сёння? Паводле інфармацыі, якой валодае Штодзень, Уладзімір Прывалаў знаходзіцца на свабодзе. Больш за тое, у беларускай чыноўніцкай сістэме былыя кіраўнікі гарадоў і раёнаў нярэдка атрымліваюць новыя пасады нават пасля гучных адставак.

Гісторыя яшчэ аднаго былога кіраўніка Гомеля, Пятра Кірычэнкі, паказвае гэта вельмі наглядна. Пасля сыходу з пасады і чутак пра магчымыя праблемы ён спачатку ўзначаліў абласную выбарчую камісію, а цяпер кіруе санаторыем “Чонкі”.

Таму галоўнай высновай гэтай гісторыі выглядае не лёс самога Прывалава, а гатоўнасць Следчага камітэта выкарыстоўваць крымінальны пераслед супраць тых, хто распаўсюджвае інфармацыю пра беларускіх чыноўнікаў. А што да былога “мэра” Гомеля, то не выключана, што праз некаторы час ён знойдзецца на чарговай “важнай для рэгіёна” пасадзе.

Штодзень
Можна пачытаць па тэме:
Дзе цяпер працуе былы кіраўнік Гомеля
Чаму адправілі ў адстаўку Уладзіміра Прывалава
Як расейцы ў Гомелі ставяць помнікі сваім дзеячам
Чаму Гомель і гарады Гомельшчыны прайграюць у рэйтынгу

 

Слайдар пастоў