За апошнія некалькі дзён як мінімум некалькі паведамленняў сацсетках.

Павялічаны фотаздымак чырванавухае чарапахі ў Сасонніку. Фота: з сацыяльных сетак
“А вы ведалі, што ў нас у Сасонніку (парк Фестывальны) у сажалцы жывуць чарапахі? Іх даволі такі шмат”, — напісаў Р.С.
У каментарах пішуць, што гэта не адзіная такая сажалка: у мінулым годзе максімальная канцэнтрацыя была каля храма ў Беліцы, а таксама на Сельмашы.
Яшчэ адна карыстальніца сацсетак выклала відэа з чарапахай каля возера ў Валатаве.
Штодзень пісаў пра нашэсце чарапахаў на валатаўскіх азёрах яшчэ ў 2024 годзе. Тады паведамлялася, што гэта быў інвазійны від, бо у Беларусі жыве толькі адзін від чарапах — еўрапейская балотная чарапаха.
Мы звярнуліся да эколага па каментар адносна таго, якія чарапахі з’явіліся на гарадскіх азёрах. Спецыяліст адзначыў, што праз кепскую якасць фота і відэа на 100% цяжка нешта сцвярджаць, аднак з вялікай доляй пэўнасці ў выпадку возера ў парку Фестывальны казаць, што гараджане зафіксавалі чырванавухую чарапаху (інвазійны для Беларусі від, які ўсё часцей сустракаецца ў гарадскіх вадаёмах). Распаўсюд гэтага віду ў гарадскіх азёрах азначае, што былыя ўладальнікі выпускаюць хатніх чарапах у прыроду.
“Дарэчы, сама знаходка цікавая яшчэ і тым, што ў Гомелі ўжо гаворка ідзе не пра адзінкавыя выпадкі, а пра некалькі вадаёмаў адразу: Валатава, Фестывальны, Беліца, Сельмаш. Можна гаварыць, што ўжо ў нас складваецца гарадская псеўдапапуляцыя, якая падтрымліваецца штучным засяленнем”, — зазначыў эколаг.