У “Даманавіцкай грыбной даліне” частка супрацоўнікаў пасля сыходу дырэктара прадпрыемства сядзіць без заробкаў, прынамсі грашовых. Сюжэт пра прадпрыемства запісаў мясцовы дзяржаўны тэлеканал: значыць, пра праблему казаць можна, але ніхто не тлумачыць, як гэта атрымалася.

Што вядома пра прадпрыемства
Прадпрыемства “Даманавіцкая грыбаная даліна” было зарэгістраванае ў 2024 годзе, працуе ў Калінкавіцкім раёне. Яго доўгі час прыводзілі ў прыклад, як “адзінае ў краіне прадпрыемства, якое займаецца вырошчваннем грыбоў па стэрыльнай тэхналогіі”, чатырох каштоўных лекавых экзатычных для Беларусі відаў дрэваразбуральных грыбоў (лістапад 2025 года). Там жа паспрабавалі новую тэхналогію вырошчвання чорнага дравеснага грыба (студзень 2026 года).
Што праўда, яшчэ лютым 2025-га Калінавіцкі райвыканкам на абмеркаванні развіцця Палесся да 2030 года паведамляў: “Цяпер патрабуе вырашэння пытанне аб рэзультатыўнасці работы ўнітарнага прадпрыемства “Даманавіцкая грыбная даліна”, якое цяпер не паказвае высокай эфектыўнасці”.
Не зусім, праўда, зразумела, ці можа падобнае прадпрыемства з у тым ліку эксперыментальнымі метадамі быць настолькі эфектыўным, як гэта хочуць чыноўнікі.
Што адбылося
І вось праз адносна кароткі перыяд становіцца вядома, што заробкаў у тых супрацоўнікаў, якія засталіся на прадпрыемстве, няма са студзеня. У дзяржСМІ і самі супрацоўнікі кажуць пра тры месяцы (магчыма, тады знялі сюжэт і думалі, ці даваць у эфір), але цяпер ужо май.
На дзяржТБ пацвярджаюць, што прадпрыемства ў нейкі час была паспяховым: “Калісьці завод выпускаў тоны грыбоў шыітакі і вешанкі. Для сучаснай медыцыны японскі грыб стаў сапраўднай сенсацыяй. Прамысловая вытворчасць шыітакі ў Даманавічах была не толькі адзінай у Беларусі, але і ва ўсёй Еўропе. Бліжэйшая толькі ў Кітаі. Зараз большую частку вытворчасці прыйшлося замарозіць. На рэштках грыбной фермы ўсё яшчэ здымаюць ураджай”.
Супрацоўніца (імя не названа) кажа: “І вось скажыце, хто нам дасць зарплату, хто, што, як, студзень, люты, сакавік. Ад каго чаго чакаць?”

Прычыны праблемаў незразумелыя. У прадпрыемства ёсць нейкія гаспадары, але, як распавядае супрацоўнік дзяржаўнага тэлебачання: “Тры месяцы калектыў даманаўскіх грыбаводаў амаль на самакіраванні. З пачатку года дырэктар прадпрыемства склаў паўнамоцтвы і пайшоў на заслужаны адпачынак. Супрацоўнікі ж яшчэ не стаміліся і жадаюць працаваць. У штаце засталося крыху больш за дзясятак чалавек, і ўсім патрэбен грашовы заробак”.
У прадпрыемства захаваўся грыбны матэрыял, кліенты, якія цікавяцца прадукцыяй, але супрацоўнікі скардзіцца: “Наша прадукцыя нават да гэтага часу карыстаецца попытам. Проста ў нас яшчэ да гэтага часу пытаюцца. Мы не можам рабіць, вось нават грыбоў мы не можам нарошчваць аб’ём, такіх аб’ёмаў, як нарошчвалі ў пятнаццатым годзе. Таму што ў нас праблема — то пакеты заканчваліся, то сцяжак няма. Але ўсё патрабуе грошай, на ўсё патрэбна фінансаванне. Так, нас ніхто не фінансаваў”.

Яны дадаюць, што для працы ім трэба дырэктар, грошы, бухгалтар, інжынер па тэхніцы бяспекі. У канцы сюжэта з’яўляецца нехта з адміністрацыі, аказваецца, такая там ёсць. Начальнік вытворчага цэха “Даманавіцкай грыбной даліны” Ларыса Акуліч скардзіцца на няўдалую вытворчую рэарганізацыю, але яна адбылася яўна не ў апошнія месяцы, а мінімум у 2024 годзе. Пацвярджае гэтыя словы і в.а. дырэктара камбіната Усход Кірыл Шкірман. Ад гэтага камбінату “даліна” і аддзялілася, і цяпер яно ж займаецца падборам кіраўніка прадпрыемства. Што з іншымі супрацоўнікамі, інфармацыі няма.
“Працэс адбываецца павольна з-за спецыфікі дзейнасці прадпрыемства. З мэтай поўнай загрузкі вытворчых магутнасцей “Даманавіцкай грыбной даліны” падабраныя і прапанаваныя варыянты па супрацоўніцтве з прадпрыемствамі аналагічнай накіраванасці. І па заработнай плаце мы разбіраемся і выплачваем, дапамагаем, мы не адмаўляемся. Дапамагаем, колькі можам”, — сцвярджае Шкірман.
Вось так ва ўмовах непразрыстага кіравання і нярынкавай эканомікі ўмоўна паспяховае прадпрыемства “нечакана” застаецца без дырэктара, а з ім і без іншага персаналу і заробкаў для супрацоўнікаў. Тут бы страйк абвесціць, але і гэта ў сённяшняй Беларусі вельмі рызыкоўны крок. Таму супрацоўнікі вымушаныя быць у ролі прасіцеляў за свой жа заробак, а, відавочна, карыснае прадпрыемства знаходзіцца на мяжы закрыцця.